| ||
Ян Вермер | ||
Канцэрт. каля 1663 | ||
нідэрл.: Het concert | ||
Матэрыял | Масла | |
---|---|---|
Тэхніка | Палатно | |
Памеры | 72,5 × 64,7 см | |
выкрадзена з Музея Ізабелы Сцюарт Гарднер | ||
(інв. P21w27) | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Канцэрт» — карціна нідэрландскага жывапісца Яна Вермера, створаная паміж 1663—1666 гадамі. У 1990 годзе карціна была выкрадзена з бостанскага Музея Ізабелы Сцюарт Гарднер і дагэтуль яе месцазнаходжанне не вядома[1]. Карціна лічыцца самай дарогай з выкрадзеных і зніклых карцін, яе кошт прыкладна ацэньваецца ў 200 мільёнаў долараў[2].
На карціне намаляваны трое музыкантаў: дзяўчына іграе на клавесіне, мужчына іграе на лютні і яшчэ адна дзяўчына спявае. Клавесін упрыгожаны роспісам з відам Аркадыі. На падлозе ляжыць яшчэ адзін музычны інструмент — віёла да гамба[3].
На сцяне пакоя, дзе знаходзяцца музыканты, вісяць дзве карціны — «Зводніца» Дырка ван Бабюрэна (таксама яна з'яўляецца на карціне «Дама, што сядзіць за вірджыналем» ) і пастаральны пейзаж. Магчыма, карціны могуць раскрыць глыбей адносіны паміж героямі карціны, тыя паглынуты сваёй музыкай, таму іх гісторыю за іх распавядаюць дэталі[4]. У жывапісе Вермера музычная тэматыка часта перагукваецца з тэмай закаханасці і спакусы (як, напрыклад, на карціне «Перапынены ўрок музыкі»)[4].
Карціна была прададзена ў 1696 годзе, пасля чаго пра яе не было нічога вядома да 1780 года[4]. У 1892 годзе на аўкцыёне ў Парыжы яе за 5 тысяч долараў купіла Ізабела Сцюарт Гарднер, з 1903 года твор быў выстаўлены ў заснаваным ёй музеі. 18 сакавіка 1990 года некалькі злодзеяў, перапранутых у паліцэйскую форму, выкралі з музея 13 прац, сярод якіх быў «Канцэрт», пошукі карціны нічога не далі і цяпер пра яе месцазнаходжанне нічога не вядома[3][5].