Канюшы

Канюшы — прыдворны[ru] ўрад у сярэднявечных манархіях, чые абавязкі прадугледжвалі загадванне коньмі і стайнямі манарха, напрыклад, канетабль[ru] у Францыі, лорд-канстэбль[ru] у Англіі або шталмайстар[ru] у нямецкіх дзяржавах.

«Старэйшына конюхаў» згаданы Аповесцю мінулых часоў пад 912 годам, яму кіеўскі князь Алег даручае і потым пытае пра лёс свайго каня, ад якога князю прадказана было загінуць. Некаторыя навукоўцы заўважаюць, што летапіс напісаны пазней і аўтары маглі дадаць у паданне пазнейшыя рэаліі, бо паводле візантыйскіх крыніц яшчэ ў часы кіеўскага князя Святаслава Ігаравіча «русы» не мелі кавалерыі, наогул не ўмелі ваяваць конна і супраць кавалерыі праціўніка. Аднак, ці аб’ектыўнае візантыйскае сведчанне няма пэўнасці. У кожным разе, у Рускай Праўдзе 1070-х гадоў згаданы гэты самы службовец — «конюх стары», у шырокай рэдакцыі — «канюшы цівун», разам з агнішчанінам і цівуном ён быў кіраўніком княжацкай гаспадаркі. Руская Праўда прадугледжвала за забойства «конюха старага» спагнанне 80 грыўняў, то-бок удвая болей за вольнага чалавека з грамады. У гэты самы час — XI ст. — упершыню згаданы канюшыя і ў Польшчы.

У XII ст. гэтыя княжацкія службоўцы ўжо мелі высокі статус, так, «канюшы [цівун]» ноўгарад-северскага князя Ігара быў сынам тысяцкага, у 1185 годзе ён разам з князем удзельнічаў стэпавым паходзе, біўся побач на полі бою і разам з князем трапіў у палон. Напэўна, такая практыка склалася тым часам і ў іншых княствах Рурыкавічаў.

Такія службоўцы ў Вялікім Княстве Літоўскім вядомы ад самых пачаткаў дзяржавы, сярод «людзей» князя Міндоўга, то-бок у яго ўласнай дружыны, былі «конюхі», менавіта яны ў 1264 годзе помсцяць за ўладара і забіваюць Траняту. У XIV ст. велікакняжацкі канюшы мусіў наглядаць велікакняжацкія табуны і стайні, у XV ст. гэтым фактычна займаўся ўжо толькі падканюшы. У XVI ст. канюшы пры двары вялікага князя тытулаваўся канюшым дворным, у паветах — канюшымі земскімі. З XVII ст. урад вялікага канюшага літоўскага — дыгнітарскі, то-бок толькі прыдворны.

У Маскоўскай дзяржаве чын канюшага, ці не самы прэстыжны пры двары, вядомы з XV да пачатку XVII ст. З канца XV ст. канюшы — начальнік Канюшаннага прыказу[ru][1].

Зноскі

  1. Успенский Г. П. Опыт повествования о древностях Русских. — Харьков, 1818. — С. 280.