Канюшына[4] (Trifolium) — род раслін сямейства Бабовыя (Fabaceae), падсямейства Матыльковыя (Faboideae).
Навуковая назва роду — trifolium — азначае «трохліснік».
Канюшына атрымала сваю беларускую назву за тое, што падабаецца каням, бо з’яўляецца салодкай.
Шматгадовыя, двухгадовыя і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі і верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльнакрайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і іншых суквеццях. Плод — дробны струк.
Адрозніваецца больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўночнага паўшар’я. Некаторыя віды ёсць ў гарах Паўднёвай Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых відаў найбольш вядомыя: канюшына гібрыдная, або ружовая (Trifolium hybridum), канюшына лугавая, або чырвоная (Trifolium pratense), канюшына паўзучая, або белая (Trifolium repens), канюшына раллявая (Trifolium arvense); у Чырвоную кнігу Беларусі занесены 2 віды: канюшына чырванаватая (Trifolium rubens) і канюшына Спрыгіна (Trifolium spryginii). Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць.
Паводле базы даных The Plant List, род уключае 244 відаў[5]:
- Trifolium africanum Ser.
- Trifolium alexandrinum L. — Канюшына александрыйская
- Trifolium alpestre L. — Канюшына альпійская, ці Пералётнік чырвоны, ці Пржалётнік
- Trifolium ambiguum M.Bieb.
- Trifolium andersonii A.Gray
- Trifolium angulatum Waldst. & Kit.
- Trifolium angustifolium L.
- Trifolium apertum Bobrov
- Trifolium arvense L. — Канюшына раллявая, ці Канюшына пашавая, ці Агурнік, ці Мядуніца, ці Мядунка, ці Канюшкі, ці Кіцюкі, ці Заяччы лапкі, ці Кашуркі, ці Кашурнік
- Trifolium aureum Pollich — Канюшына шаматкая, ці Злотнік, ці Хмельнік
- Trifolium badium Schreb.
- Trifolium brandegei S.Watson
- Trifolium campestre Schreb. — Канюшына палявая, ці Мядзеліна, ці Хмялёк, ці Клевер, ці Жоўтая дзятліна, ці Хмель заяччы, ці Дзікая кашка
- Trifolium canescens Willd.
- Trifolium caucasicum Tausch
- Trifolium cyathiferum Lindl.
- Trifolium dasyphyllum Torr. & A.Gray
- Trifolium diffusum Ehrh.
- Trifolium dubium Sibth. — Канюшына няпэўная
- Trifolium echinatum M.Bieb.
- Trifolium eximium DC.
- Trifolium fragiferum L. — Канюшына сунічная, ці Гарлінка
- Trifolium glomeratum L.
- Trifolium gordejevii (Kom.) Z.Wei
- Trifolium haydenii Porter
- Trifolium hirtum All.
- Trifolium hybridum L. — Канюшына ружовая, ці Краснабай
- Trifolium incarnatum L. — Канюшына мяса-чырвоная, ці Канюшына інкарнатная
- Trifolium lappaceum L.
- Trifolium longipes Torr. & A.Gray
- Trifolium lupinaster L. — Канюшына лубінавая, ці Дзятліна лясная
- Trifolium macrocephalum (Pursh) Poir.
- Trifolium medium L. — Канюшына сярэдняя, ці Канюшына белая, ці Дзятліна баравая, ці Дзяцеліна баравая, ці Канюшына
- Trifolium micranthum Viv.
- Trifolium montanum L. — Канюшына горная, ці Канюшына белая, ці Трыліснік белы, ці Дзяцеліна, ці Дзенцяліна, ці Каўтуннік, ці Пражалот, ці Белая высокая дзятліна, ці Вадзяны жыр, ці Высокая дзяцеліна
- Trifolium nanum Torr.
- Trifolium ochroleucon Huds.
- Trifolium pannonicum Jacq. — Канюшына паноская
- Trifolium parnassii Boiss. & Spruner
- Trifolium parryi A.Gray
- Trifolium phleoides Willd.
- Trifolium physodes M.Bieb.
- Trifolium polyphyllum (C.A.Mey.) Latsch.
- Trifolium pratense L. typus[3] — Канюшына лугавая, ці Валашок, ці Дзенцяліна, ці Канічына, ці Красная дзятліна, ці Чырвоная дзяцеліна, ці Канюшына, ці Красная курыга, ці Курыжка, ці Тройца
- Trifolium repens L. — Канюшына паўзучая, ці Дзяцеліна, ці Дзецяліна, ці Дзяцелька, ці Дзятлавіна, ці Дзятліна, ці Дзяцеліна белая, ці Канюшына белая, ці Белая дзятліна, ці Белая дзяцеліна
- Trifolium resupinatum L.
- Trifolium retusum L.
- Trifolium rubens L. — Канюшына чырванаватая
- Trifolium spadiceum L. — Канюшына цёмна-каштанавая, ці Дзятлінка жоўтая, ці Пажарнік
- Trifolium squamosum L.
Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лекавая, меданосная і дэкаратыўная расліна.
Кветкі канюшыны разам з кветкамі лёну ўпрыгожваюць сучасны герб Беларусі.
Зноскі
- Клевер — род Trifolium: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)