Каралеўства Альба

Каралеўства Альба (шатл. гэл.: Rìoghachd na h-Alba) — дзяржава скотаў і піктаў пад вяршэнствам скотаў, якая існавала з 900 (год смерці караля Дональда II) да 1286 (год смерці караля Аляксандра III). Фактычна дзяржава ўтварылася яшчэ ў 843 годзе, калі кароль скотаў Кенет Мак-Альпін аб'яднаў сваё каралеўства Дал Рыяду з каралеўствам піктаў Фортрыу.

Абазначэнне гэтага перыяду гісторыі Шатландскага каралеўства як каралеўства Альба ўжываецца для зручнасці, бо на працягу гэтага часу эліта і насельніцтва каралеўства было пераважна пікта-гэльскім (у позні час пікта-гэльскім і скота-нармандскім), размаўляла на гэльскай мове, у адрозненне ад перыяду валадарства Сцюартаў, калі эліта каралеўства і большая частка насельніцтва, якая жыла на раўнінах і ў гарадах, галоўным чынам ужо перайшла на англа-шатландскую мову.