Караль Станіслаў «Пане Каханку» Радзівіл (27 лютага 1734, Нясвіж — 21 лістапада 1790, Бяла-Падляска) — ваявода віленскі, староста львоўскі, вялікі мечнік літоўскі, X ардынат на Нясвіжы, VIII ардынат на Алыцы.
Нарадзіўся ў сям'і гетмана Міхаіла «Рыбанькі» і Францішкі Уршулі Вішнявецкай. Вядомы пад прозвішчам «Пане Каханку», як яго называлі паводле любімага выслоўя, з якім ён звяртаўся да ўсіх, не выключаючы і пагарджанага караля — «худапахолка», а таксама дзеля адрознення ад канцлера Караля Станіслава Радзівіла (1669—1719).
З 1752 — вялікі мечнік літоўскі Вялікага Княства Літоўскага, у 1762 стаў ваяводам віленскім. Выступаў супраць партыі Чартарыйскіх. На чале сваіх надворных войскаў уступіў у бітву з рускімі пад Слонімам, але пацярпеў паражэнне і вымушаны быў ратавацца на Валошчыне. Падчас знаходжання ў Дрэздэне прыйшла да яго вестка пра адабранне ў яго чыну ваяводы і сэквестравання яго маёнткаў. Дзякуючы намаганням расійскага пасла Мікалая Рапніна вярнуўся ў краіну і стаў у 1767 генеральным маршалкам Радамскай канфедэрацыі. Выказаўшы прысягу на вернасць каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, атрымаў назад ўсе страчаныя ўладанні. У 1768 выступіў праціўнікам гарантыйнага трактату, паводле якога Рэч Паспалітая станавілася расійскім пратэктаратам, і стаў генеральным маршалкам Барскай канфедэрацыі. Калі расійскія войскі з баямі ўзялі Нясвіж і Слуцк, Радзівіл быў вымушаны з'ехаць у Прусію. Да 1777 г. ён знаходзіўся на эміграцыі ў Венгрыі, Турцыі, Чэхіі, Францыі, Венецыі.
Падчас Чатырохгадовага Сойму быў адным з выразнейшых праціўнікаў рэформ, караля і партыі Чартарыйскіх.
3 жніўня 1757 узнагароджаны ордэнам Белага Арла.
Быў жанаты з Марыяй Каралінай Любамірскай, пасля з Тарэзай Каралінай Ржэўскай.
Караль Станіслаў Радзівіл быў найзаможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагоддзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Еўропе. Ягоны маёнтак ахопліваў 16 гарадоў і 683 вёскі, а вакол ягонай асобы вілося шмат легендаў. З аднаго боку Караль Станіслаў быў прадстаўлены як адзін з найбольшых п'яніц і гуляк Саскай эпохі[4], а з іншага — як прыклад шляхетнасці, самарыцянства і патрыятызму. Невымерна багаты і ўплывовы, здабыў сябе сярод шляхты агромністую папулярнасць дзякуючы шчодрасці, сармацкім звычаям, схільнасці да бясед і жартаў, з іншага боку, вядомы быў дзікімі выбрыкамі і раздражняльнасцю.