Каркасны шлем, або шпа́нгенхельм (ням.: Spangenhelm) — тып шлема, распаўсюджаны ў германскіх народаў ранняга Сярэднявечча (асабліва ў VI—VII стст.).
Форма стажковая. Канструкцыя складалася з каркасу з металічных (бронзавых ці жалезных) палос, пакрытага меднымі ці рогавымі пласцінамі або скурай, або са скляпаных разам 4—6 металічных пласцін, умацаваных разам такімі палосамі (Spangen, адсюль назва). Каркас мог заставацца непакрытым. Маглі дадавацца шчокі, напатылічнік, лічына і г.д. Адзначаюцца анімалістычныя ўпрыгожанні, якія ў германскіх народаў маглі мець квазі-геральдычную функцыю.
Такія шлемы былі ва ўжытку на землях Германіі, Швецыі, Брытаніі, Астгоцкай Італіі, таксама ў Францыі і на Балканскім паўвостраве. Мяркуючы па адноснай рэдкасці знаходак, магчыма, што ў часы варварызму такімі шлемамі карысталіся толькі асобы вышэйшага сацыяльнага становішча[1], хоць існуе і такое меркаванне, што германскія народы доўгі час пагарджалі «празмернай» асабістай абаронай у баі.[1]
Ацалелымі ўзорамі з’яўляюцца, напрыклад, шлем з Джыльяновы (каля Арконы, Італія)[2], шведскія шлемы са шведскай Ультунскай серыі (пляцоўкі Вальсгард, Вендэль), англасаксонскія шлемы з Са́тан-Ху[3], Копергейта[4], Беты-Грэйндж[5], магчыма, з Дамфрысшыра (Dumfriesshire) і іншыя.