Карні́з, або гзымс[1] (ад грэч. κορωνίς) — элемент унутранага і знешняга аздаблення будынкаў, памяшканняў, мэблі, які выходзіць за плоскасць аб'екту. У архітэктуры карніз аддзяляе плоскасць даху ад вертыкальнай плоскасці сцяны, або падзяляе плоскасць сцяны па вылучаных гарызантальных лініях. Ён можа завяршаць сцяну будынка, ваконныя або дзвярныя праёмы.
У ордарнай архітэктуры карніз — верхняя частка антаблемента, якая знаходзіцца над фрызам і архітравам. Ордарны карніз рэзка выходзіць наперад і навісае над астатнімі часткамі антаблемента, абараняючы іх ад ападкаў. Асновай карніза служыць выносная пліта. Ніжняя частка пліты забяспечаная прастакутнымі выступамі — мутуламі.
Архітэктурная дэталь у выглядзе невялікага карніза або карніза з франтонам разнастайных формаў (трохкутных, авальных і складаных кампазіцый) над аконным, дзвярным праёмам або нішай называецца сандрыкам[2].
Профілі карнізаў у розных стылях мэблі, роўна, як і ў архітэктурных стылях, розныя. Так, у англійскім класіцызме было прынята ўпрыгожваць мэблевыя карнізы арнаментам з лісця[3].
У беларускамоўнай тэрміналогіі для абазначэння гарызантальных элементаў фасаду, тоесных карнізу, ужываецца таксама тэрмін гзымс нямецкага паходжання.