Каромысла зялёнае ці зялёны каромысел (Aeschna viridis) — від разнакрылых стракоз.
Буйная страказа. Даўжыня брушка самца 48-52 мм, самкі — 47-54 мм. Даўжыня задніх крылаў самца 38-41 мм, самкі — 41-45 мм. Афарбоўка стракатая. Вочы датыкаюцца адно з адным на некаторым прамежку. Т-падобная пляма на лбе няпоўная. Бакі грудзей у самца і самкі зялёныя, без палос. Верх грудзей самца з 2 шырокімі, зялёнымі палосамі. Жылкі крылаў чарнаватыя. Яйцаклад самкі з бакавымі пласцінкамі, яго асноўная пласцінка ззаду без глыбокай выемкі.
Транспалеарктычны від. У Беларусі пашыраны па ўсёй тэрыторыі. Сустракаецца на нізінных балотах і ў поймах рэк.
Дарослыя насякомыя — актыўныя драпежнікі. Здабычу (камары, мошкі) ловяць падчас лёту. Вылет і размнажэнне ў чэрвені-ліпені.
Лічынкі жывуць у стаячых (у тым ліку забалочаных) і слабопроточных вадаёмах з густой расліннасцю, кормяцца воднымі беспазваночнымі, маляўкамі рыб (могуць наносіць шкоду рыбаразвядзенню).
Від уключаны ў Чырвоны спіс МСАП, Чырвоную кнігу Беларусі, Чырвоную кнігу Літвы. Ахоўваецца ў Еўропе (дадатак II Бернскай канвенцыі).