Касцянкі (Lithobiomorpha) — атрад губаногіх мнаганожак.
Даўжыня да 50 мм. Знешне падобныя да скалапендравых. Цела пляскатае, зверху рыжаватае або карычневае. Тулава сегментаванае, укрытае цвёрдым хіцінавым покрывам (адсюль назва). Ног 15 пар.
Кормяцца дробнымі насякомымі. Здабычу забіваюць ядам залоз, што знаходзяцца ў нагасківіцах.
Раздзельнаполыя, адкладваюць адзінкавыя яйцы.
Вядома каля 800 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя пустынь. Жывуць пад камянямі, карой пнёў, у парахні, у вілыготных мясцінах. На Беларусі найчасцей трапляецца касцянка звычайная, або мнаганожка-каменялаз (Lithobius forficatus).