Каталектыка

Катале́ктыка (стар.-грэч.: κατάληκτος — усечаны) — тэрмін традыцыйнай стопнай метрыкі, які абазначае супадзенне або несупадзенне заканчэння вершаванага радка са стапой. Калі апошняя стапа карацейшая за астатнія стопы вершаванага радка на адзін ці два ненаціскныя склады — гэта каталектычны верш, або ўласна каталектыка. Калі апошняя стапа мае на адзін ці некалькі ненаціскных складоў больш, чым папярэднія стопы вершаванага радка, утвараецца гіперкаталектычны верш, або гіперкаталектыка. У сучасным вершазнаўстве такой класіфікацыяй заключных стопаў карыстаюцца рэдка. Звычайна гавораць пра характар клаўзулаў у вершы (мужчынскія, жаночыя, дактылічныя ці гіпердактылічныя).