Качадыжнік жаночы

Качадыжнік жаночы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Athyrium filix-femina (L.) Roth


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  17413
NCBI  32110
EOL  597380
IPNI  17372750-1
TPL  tro-26600065

Качады́жнік жаночы, па́параць жаночая, папарацень (Athyrium filix-femina) — від папарацей з роду качадыжнік.

Спарафіт — шматгадовая травяністая расліна вышынёй 40—120 см. Карэнішча тоўстае, кароткае, з чорна-бурымі рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце шматлікае, з кароткімі ўкрытымі рэдкімі бураватымі лускавінкамі чаранкамі, каля асновы сабрана ў разыходны пучок. Лісцевая пласцінка тонкая, светла-зялёная, у абрысах падоўжана-эліпсоідная або шырокаланцэтная, у верхняй частцы двойчы- у ніжняй тройчыперыстарассечаная; долі 1-га парадку на чаранку, 2-га — сядзячыя. Сорусы (кучкі спарангіяў) касыя, падоўжаныя, авальныя або паўмесяцападобна сагнутыя, з падоўжанымі ці серпападобнымі (накшталт косак) пакрывальцамі (індузіямі), размешчаны ў адзін, радзей у два рады ўздоўж сярэдняй жылкі на ніжнім баку долек ліста. Споры авальна-ныркападобныя, бурыя, з дробназярністай ці тонкамаршчыкаватай паверхняй.

Гаметафіт (зарастак) наземны, зялёны, двухполы.

Галарктычны барэальны від. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Расце ў сырых цяністых хвойных, радзей мяшаных лясах, зарасніках хмызняку на вільготных сугліністых і гліністых кіслых глебах. Спараносіць у ліпені-верасні.

Лекавая (глістагонны сродак, выкарыстоўваецца карэнішча), дэкаратыўная (вядома каля 300 культурных разнавіднасцей), тэхнічная (мае да 12% дубільнікаў) і харчовая расліна.