Квартэт — музычны ансамбль з чатырох музыкантаў-выканаўцаў, вакалістаў або інструменталістаў.
Па складзе выканаўцаў адрозніваюць вакальны, інструментальны і вакальна-інструментальны ансамблі. Па складзе інструментаў адрозніваюць аднародныя (напрыклад, струнны квартэт) і змяшаныя ансамблі. Да апошніх у класічнай музыцы адносяцца галоўным чынам фартэпіянныя (фартэпіяна, скрыпка, альт і віяланчэль), флейтавыя (флейта, скрыпка, альт і віяланчэль; бываюць і аднародныя флейтавыя квартэты) і габойныя (габой і тры скрыпкі).
У пазнейшай музыцы атрымалі распаўсюджванне саксафонныя квартэты, якія складаюцца з розных саксафонаў (напрыклад, сапраннага, альтовага, тэнаровага, барытоннага). Квартэты існуюць і за рамкамі акадэмічнай музыкі — у джазе (шматлікія варыяцыі, часцей за ўсё саксафон, фартэпіяна, кантрабас і ўдарныя), рок- і поп-музыцы (звычайна гітара, бас-гітара, вакал і ўдарныя).
Творы для квартэтаў пісалі Гайдн, Моцарт, Бетховен, Шастаковіч і шматлікія іншыя кампазітары. Луіджы Бакерыні толькі для скрыпак склаў іх каля ста. З неакадэмічных квартэтаў уславіліся, напрыклад, Queen, Led Zeppelin, ABBA, а The Beatles нават былі празваны «ліверпульскай чацвёркай».
Квартэт на Вікісховішчы |