Кварц | |
---|---|
Крышталь кварца | |
Формула | SiO2 |
Сінгонія | трыганальная |
Колер | Карычневы, бясколерны, фіялетавы, шэры, жоўты |
Колер рысы | Белая |
Бляск | Шкляны, у суцэльных масах часам тлусты |
Цвёрдасць | 7 |
Спайнасць | недасканалая |
Злом | ракавісты |
Шчыльнасць | 2,6—2,65 г/см³ |
Паказчык пераламлення | 1,544 |
Кварц (ням.: Quarz) — прыродны і штучны мінерал, адзін з самых распаўсюджаных у зямной кары, пародаўтваральны мінерал большасці магматычных і метамарфічных парод. Хімічная формула: SiO2.
Шчыльнасць кварцу 2,6—2,65 г/см³, тэмпература плаўлення прыблізна 1470 °C[1]. Цвёрдасць 7 адзінак па шкале Моаса. Кварц хімічна ўстойлівы, празрысты да ультрафіялетавага і часткова інфрачырвонага выпраменьвання, валодае нелінейнымі аптычнымі і электронна-аптычнымі ўласцівасцямі.
Крышталі нарослыя або ўрослыя, часта ўтвараюць зросткі-друзы. Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Крышталі маюць форму шасціграннай прызмы, увемчанай з аднаго або абодвух канцоў шасці- ці трохграннай пірамідай. У напрамку да вяршыні крышталь звужваецца. Грані прызм пакрыты папярочнай штрыхоўкай.
Крышталічныя мадыфікацыі: трыганальная (α-кварц, устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-кварц, устойлівы вышэй 573 °C).
Колер разнастайны: бясколерны кварц — горны крышталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Крохкі. Мае моцныя п’езаэлектрычныя ўласцівасці.
Паходжанне пераважна эндагеннае. Свабоднае ўтрыманне кварцу ў зямной кары каля 12 %. Уваходзіць у склад іншых мінералаў у выглядзе сумесяў і сілікатаў. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.
Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прамысловасці, монакрышталі кварцу — для вырабу п'езаэлектрычных прылад, лінзаў ультрафіялетавай оптыкі, прызмаў спектрометраў, кварцавага шкла і інш. Афарбаваныя разнавіднасці кварцу выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе.