Кергеленскае плато — падводнае плато вулканічнага паходжання, размешчанае ў паўднёвай частцы Індыйскага акіяна і часткова ў Паўднёвым акіяне, адно з найбуйнейшых падводных плато планеты. Знаходзіцца прыкладна ў 3 тыс. км да паўднёвага захаду ад Аўстраліі, выцягнута больш чым на 2,2 тыс. км з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Глыбіні складаюць ад 1 да 4 тыс. метраў[1].
Плато было ўтворана гарачым пунктам пасля разлома Гандваны каля 120 млн гадоў назад у выніку серыі магутных магматычных вывяржэнняў, якія доўжыліся 25 млн гадоў[2]. Вынікі геалагічных даследаванняў паказалі, што на працягу перыяду да 40 млн гадоў плато знаходзілася на паверхні ці на вельмі невялікай глыбіні. Фрагменты драўніны і вугалю, знойдзеныя ў асадках верхняга мелу, сведчаць пра тое, што плато магло быць пакрыта лесам[1][3]. Асадкавыя пароды плато падобныя з аўстралійскімі і індыйскімі ўзорамі, што гаворыць пра тое, што яны некалі былі адзіныя.
У наш час вяршыні вулканаў, якія ўзвышаюцца над паверхняй акіяна, утвараюць астравы Кергелен, востраў Херд і астравы Мак-Доналд. Апошнія два знаходзяцца на хрыбце Біг-Бен, дзе вулканічная актыўнасць час ад часу аднаўляецца.