Кластэ́рыум (Closterium) — род аднаклетачных водарасцей сямейства кластэрыевых.
Вядомы дзясяткі, паводле некаторых звестак сотні, прэснаводных відаў. Трапляюцца ў розных вадаёмах — ад эўтрофных да дыстрофных і забруджаных, на сырых скалах, імхах.
Клеткі сіметрычныя, выцягнутыя, звужаныя па канцах, у сярэдняй частцы расшыраныя, без перацяжкі; ад прамых да дугападобна сагнутых, даўжыня перавышае шырыню ў 2—3, у буйных выцягнутых відаў — больш як у 140 разоў. Абалонка бясколерная ці бурая, штрыхаваная, радзей пункцірная, з порамі. Хларапласты (1—2, часам да 20) восевыя, з падоўжанымі рэбрамі і адным ці шматлікімі, размешчанымі ў адзін восевы рад пасярэдзіне паўклеткі або хаатычна пірэноідамі. Ядро цэнтральнае. На канцах клеткі праз поры выдзяляецца слізь, якая садзейнічае руху водарасці (кулянне па падоўжанай восі). Размнажэнне — папярочнае дзяленне клеткі і кан'югацыя.
Клетка складаецца з дзвюх роўных паловак — паўклетак. Пры вегетатыўным размнажэнні кожная паўклетка дабудоўвае другую палоўку.