Класічная культура Веракрус, ці Класічная культура ўзбярэжжа Мексіканскага заліва — культурная вобласць у паўночнай і цэнтральнай частцы сучаснага мексіканскага штата Веракрус, дзе існавала індзейская культура прыкладна з I па XI ст. н. э. Па месаамерыканскай храналогіі культура належала да класічнай эры[1]. Часам памылкова называецца татанакскай культурай.
Цэнтрам культуры быў Эль-Тахін; сярод іншых паселішчаў вылучаліся Ігерас (Higueras), Сапаталь, Сера-дэ-лас-Месас, Напілоа і Рэмахадас (апошнія былі двума важнымі цэнтрамі вытворчасці керамікі). Культура Веракрус распаўсюджвалася ўздоўж узбярэжжа Мексіканскага заліва паміж рэкамі Панука на поўначы і Папалаапан на поўдні.
Асноўнай тэмай мастацтва культуры Веракрус з'яўляецца чалавечае ахвярапрынашэнне, у прыватнасці, у кантэксце мясцовай гульні ў мяч[2]. Характэрным элементам з'яўляюцца спіралепадобныя завіткі, прадстаўленыя як на манументальнай архітэктуры, так і на малых вырабах, у тым ліку кераміцы і нават на разьбе па костцы. Прынамсі адзін даследнік выказаў здагадку, што галовы і іншыя фігуры, утвораныя завіткамі, уяўляюць сабою форму піктаграфічнай пісьменнасці культуры Веракрус[3]. Падобны стыль завіткоў мог развіцца з малюнкаў у Ч'япа-дэ-Корса і Камінальхую[4].
Акрамя завіткоў, архітэктура пакрыта мноствам іншых арнаментаў, падобных прадстаўленым на Пірамідзе ніш у Эль-Тахіне. Арнаменты ўяўляюць сабою рэзкі кантраст святла і цені[5].
Хоць на культуру Веракрус аказалі прыкметны ўплыў Тэатыўакан і мая, ніводная з азначаных дзвюх культур не з'яўляецца яе прамым папярэднікам. Насупраць, уплыў культуры Веракрус прыкметна як мінімум у асобных цэнтрах эпіёльмекскай культуры, напрыклад, Сера-дэ-лас-Месас і Ла-Махара[6].
Часам класічную культуру Веракрус памылковы асацыююць з татанкамі, якія займалі гэтую тэрыторыю падчас канкісты. Тым не менш, як адзначаюць Майкл Коу і Кюблер, сведчанняў таго, што татанкі сапраўды мелі дачыненне да гэтай культуры, пакуль не выяўлена[7]. Назву «татанакская культура» па гэтай прычыне варта лічыць памылковай.
На сацыяльнае расслаенне, наяўнасць эліты і рамесную спецыялізацыю грамадства Веракрус указваюць пахаванні, манументальныя скульптуры, разьбяныя рэльефы і распаўсюджванне архітэктуры ў рэгіянальных цэнтрах. Спадчынныя кіраўнікі кіравалі рэгіянальнымі цэнтрамі малога і сярэдняга памераў, якія не перавышалі па плошчы 2000 км2, і ажыццяўлялі сваё кіраванне шляхам палітычнага і рэлігійнага кантролю над далёка ідучымі гандлёвымі сеткамі, а таксама падтрымлівалі сваю легітымнасць шляхам такіх традыцыйных для Месаамерыкі абрадаў, як кровапусканне, чалавечыя ахвяры, войны і выкарыстанне экзатычных тавараў[8]. Большасць насельніцтва жыло ў ізаляваных сялянскіх сядзібах ці паселішчах[9].
Падобна папярэднім альмекам і эпіёльмекам, культура Веракрус была заснавана на падсечна-агнявой гаспадарцы, земляробстве перакладнага тыпу. Асноўным відам харчавання была кукуруза, а дадатковымі — хатнія сабакі, дзікія алені і іншыя жывёлы, а таксама рыба і малюскі. Важнай пасяўной культурай таксама была бавоўна[10].
Класічная культура Веракрус шанавала шматлікіх месаамерыканскіх богаў, у прыватнасці, бога смерці (асабліва важную ролю ён гуляў у Эль-Тахіне; яго часта асацыююць з ацтэкскім богам Міктлантэкутлі) і монстра зямлі (відаць, перанятага ад альмекаў)[11].
Відаць, гульня ў мяч атрымала ў культуры Веракрус шырокае распаўсюджанне[12]. У кожным з культурных цэнтраў гэтай культуры мелася хоць бы адно поле для гульні ў мяч, а ў Эль-Тахіне іх было выяўлена 18[13]. Менавіта ў культуры Веракрус паслякласічнай эры гульня дасягнула свайго росквіту[14].
Рытуалы гульні ў мяч шырока прадстаўлены ў манументальным мастацтве Веракрус. Сцены найбуйнейшага са стадыёнаў для гульні ў мяч, Паўднёвага Стадыёна ў Эль-Тахіне, пакрыты разьбянымі насценнымі малюнкамі, дзе прадстаўлены сюжэты чалавечага ахвярапрынашэння ў кантэксце гульні. Найболей драматычным з'яўляецца сюжэт, дзе бог дажджу праколвае свой пеніс (акт рытуальнага кровапусканні) і напаўняе крывёй з яго рытуальны бак з адурманьваючым напоем пульке, які, відаць, выпівалі па канчатку гульні, пасля рытуалу ахвярапрынашэнняў[15].
Характэрным для культуры Веракрус з'яўляецца выкарыстанне спецыфічнага каменнага інвентара для гульні ў мяч: «ярмо» (ці «хамут»), «свечак» (ісп.: hachas) і «пальмаў» (ісп.: palmas). «Ярмо» уяўляла сабою U-падобны камень, які надзяваўся на талію іграка, а «свечкі» і «пальмы» насаджваліся на яго. Археолагі мяркуюць, што падобныя каменныя паясы не выкарыстоўваліся ў гульні, а з'яўляліся рытуальнымі малюнкамі, тады як у рэальнасці гульнявое «ярмо» выраблялася са скуры ці тканіны. Па прычыне недаўгавечнасці гэтых матэрыялаў у раскопках падобныя прадметы не былі выяўлены. Існавала і мясцовая спецыфіка выкарыстання інвентара: «хамуты» і «свечкі» выяўлены ў раскопках ад Тэатыўакана да Гватэмалы, а «пальма» сустракалася на тэрыторыі сучаснага штата Веракрус.
Да пачатку 1950-х гг. меліся толькі нешматлікія ўзоры керамікі Веракрус, звычайна з няясным месцам паходжання. З тых часоў былі адкрыты тысячы фігурак і фрагментаў керамікі на такіх археалагічных помніках, як Рэмахадас, Лос-Серас, Дыча-Туэрта і Тэненешпан (некаторыя — «чорнымі археолагамі»). Яны патрапілі ў шматлікія музейныя экспазіцыі і дапамаглі пашырыць сучаснае ўяўленне пра дадзеную культуру[16].
Фігуркі ў стылі Рэмахадас — магчыма, найбольш характэрныя для дадзенай культуры — звычайна вырабляліся ўручную і ўпрыгожваліся накладным арнаментам. Асабліва варта адзначыць фігуркі з усмешлівымі тварамі (ісп.: Sonrientes) з трохкутнымі галовамі і выцягнутымі вушамі. Фігуркі ў стылі напілоа[17] звычайна горш упрыгожаны, без накладнога арнаменту, нярэдка вырабляліся шляхам адліўкі[18].
Да культуры Веракрус належаць некалькі з вядомых месаамерыканскіх фігурак з коламі (кола было нехарактэрным для месаамерыканскіх культур). Акрамя таго, культура Веракрус выкарыстоўвала для афарбоўкі бітум.
{{cite book}}
: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка){{cite book}}
: |editor=
мае агульную назву (даведка)Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка) (ісп.)