Космас (грэч. κόσμος) — паняцце старажытнагрэчаскай філасофіі і культуры, уяўленне аб прыродным свеце як аб пластычна ўпарадкаваным гарманічным цэлым. Супрацьпастаўляўся хаосу. Грэкі злучалі ў паняцці «космас» дзве функцыі — упарадкавальную і эстэтычную.
Тэрмін «космас» пачынае ўжывацца ў філасофскім сэнсе ўжо ў перыяд станаўлення першых філасофскіх школ Старажытнай Грэцыі. Выкарыстанне гэтага паняцця зафіксавана ў Анаксімена, Піфагора, Анаксімандра, Геракліта, ён шырока ўжываецца Парменідам, Эмпедоклам, Анаксагорам, Дэмакрытам.
Платон у дыялогу «Тымей» разглядае космас як жывы, суразмерны арганізм, які мае разумную душу, а чалавека — як частку космасу. Тут жа Платон фармулюе цяжкасць у тлумачэнні ўстройства космасу: ён боскі, значыць, усе нябесныя целы павінны рухацца раўнамерна па кругавых арбітах, аднак рух планет супярэчыць гэтаму патрабаванню. Гэту праблему спрабавалі вырашыць Еўдокс і Гераклід Пантыйскі.
Арыстоцель выступіў з крытыкай піфагарэйскага і платонаўскага вучэння аб будове космасу, у прыватнасці, адмовіўся ад вучэння пра касмічную душу, замяніўшы яе касмічным Розумам. Геацэнтрычная мадэль Арыстоцеля, дапрацаваная ў эліністычную эпоху (Гіпархам, Пталамеем і інш.), панавала аж да XVI ст.
Стоікі, неаплатонікі, схаласты, хрысціянскія багасловы Сярэднявечча таксама ўключылі ў свае філасофскія канцэпцыі вучэнне пра космас. Філосафы і навукоўцы эпохі Адраджэння (напрыклад, Капернік, Галілей, Кеплер) абапіраліся на прынцыпы антычнай касмалогіі. У Новы час паняцце «космас» выцясняецца з навуковага ўжывання, замяняючыся паняццем «Сусвет».