Горад
Крупкі
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Кру́пкі[2] (трансліт.: Krupki) — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Крупскага раёна, стаіць на Бабры. За 121 км на паўночны ўсход ад Мінска, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Крупкі на лініі Мінск — Орша, аднак у самім горадзе размешчаны прыпыначны пункт Новае Жыццё; на аўтадарозе Мінск — Масква. Насельніцтва 8 680 чал. (2017)[3].
Назва Крупкі ад назвы рэчкі Крупка (прыток бярэзінскага Бабра), якая балцкага паходжання.
Ад літоўскага krupus, kraupus «шурпаты, бугрысты (пра паверхню)», адсюль заходнелітоўскае krupė, прускае *crupeyle, латышскае kraupis «жаба» (з бугрыстай скурай)[4]. Далей да індаеўрапейскага *kreup- са значэннем няроўнай (ссохлай, патрэсканай, бугрыстай) паверхні[5].
У аднакарэннай назве дзесенскай ракі Крупела корань Krup- з тыповым балцкім гідранімічным пашыральнікам -el-[6], як у балцкіх гідронімах Зецела, Скідзела, Дрысела (: Дрыса).
Балцкія назоўныя паралелі — прускія тапонімы Craupeyne, Craupolythen, латышскі гідронім Kraupe.
Назва найверагодней характарызавала дно — няроўнае, «шурпатае», поўнае ямаў, віроў[7]. Процілеглае значэнне ў рачной назвы Ліда, ад балцкага *laidas «склізкі, гладкі», то-бок «гладкая (дном)»[8]. Менш імавернае значэнне «жаб’я (рака)».
Згодна з іншай версіяй, назва ракі Крупка магла значыць «кароткі, незамярзалы рачны прыток»[9].
З сярэдзіны XVI стагоддзя мястэчка ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, належалі Сангушкам. Згадваецца ў інвентары 1653 года як мястэчка Крупка ці Сангушкаў, цэнтр аднайменнага маёнтка[10]. З 1793 года ў складзе Расійскай імперыі, у Копыскім павеце, з 1862 года частка Сенненскага. З 31 ліпеня 1842 года ўласнасць Свяцкіх. З 1921 года ў Віцебскай губерні, з 1923 года ў Аршанскім павеце. У 1924 годзе Крупкі сталі цэнтрам Крупскага раёна. У 1926 годзе ў мястэчку пражывала 2097 жыхароў. Дзейнічалі посуда-ганчарны, лесапільны, запалкавы, маслабойны заводы, швейная арцель «Перамога».
У 1933 годзе заснаваныя дрэваапрацоўчая арцель «Ударнік», льнозавод, кавальская арцель «Чырвоны молат», пякарня, МТС, агульнаадукацыйная школа, ветэрынарны тэхнікум. 20 лютага 1938 года Крупкі ўвайшлі ў склад Мінскай вобласці, а 27 верасня гэтага ж года Крупкам прысвоены статус гарадскога пасёлка. У 1939 годзе ў Крупках пражывала 3455 жыхароў.
З 1 ліпеня 1941 года па 30 чэрвеня 1944 года Крупкі былі акупаваны нацысцкімі захопнікамі. У гета ў горадзе Крупкі (ліпень — 18 верасня 1941) былі забітыя каля 2000 яўрэяў.
З 1991 года — горад.
Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, харчовай, лёгкай прамысловасці. Гасцініца «Крупчанка».