Крывічы | |
---|---|
Этнічныя мовы | |
Традыцыйныя рэлігіі (канфесіі) | язычніцтва |
Геаграфічна-моўная група | усходнія славяне |
Блізкія этнасы | славене[крыніца?] |
Субэтнасы | полацкія крывічы, пскоўскія крывічы, смаленскія крывічы, цвярскія крывічы, пелапанескія крывічы |
Крывічы |
---|
Крывічы́ — усходнеславянскае этнапалітычнае аб’яднанне (саюз плямёнаў).
На думку некаторых даследчыкаў, напрыклад Казіміра Бугі, А. Спіцына, Валянціна Сядова, магчыма, крывічы былі заходняга паходжання, з зямель сучаснай Польшчы або Германіі[1]. Самая вялікая па займанай тэрыторыі ўсходнеславянская супольнасць[2]. На аснове аб’яднання (правадырства) крывічоў у другой палове X ст. сфарміравалася Полацкая дзяржава.
Гісторыкі па-рознаму выводзяць назву «крывічы»: ад імя вярхоўнага правадыра (Крыў/Крыва?), ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві, параднёныя), ад «крывізны» мясцовасці (узгорысты рэльеф) і інш.
Крывічы займалі значны абшар Усходняй Еўропы. Яны жылі ў вярхоўях Дняпра, Дзвіны і Волгі. Звесткі пра іх змешчаны ў «Аповесці мінулых гадоў» пры апісанні падзей IX—X стст. Пра крывічоў («крывіцеінаў») пісаў таксама візантыйскі імператар і гісторык X ст. Канстанцін Парфірародны. Летапіс ХІІ ст. называе полацкіх князёў «крывіцкімі» або «крыўскімі».
Падчас славянскай каланізацыі занялі землі паміж Пскоўскім возерам на поўначы і верхнім Сожам, Дзясной і Бярэзінай на поўдні; паміж вярхоўямі Волгі на паўночным усходзе і Віліі на захадзе. На поўдні крывічы межавалі з дрыгавіцкім і радзіміцкім насельніцтвам, на поўначы з наўгародскімі славенамі, на захадзе суседнічалі з балцкімі супольнасцямі. Летапіснае паведамленне знаходзіць пацвярджэнне і ў археалагічным матэрыяле. Даследчыкі не знаходзяць якога-небудзь выразнага этнаграфічнага падзелу паміж землямі, якія засялялі крывічы[3].
Летапісныя звесткі ўказваюць на прысутнасць скандынаваў на поўначы Усходняй Еўропы (862 год), згадваюць паход Аскольда і Дзіра на крывічоў (865 год) і захоп Алегам Смаленска (882 год)[4].
Паводле займаных водных сістэм, адрозніваюцца крывічы дзвінскія, дняпроўскія, пскоўскія.
На тэрыторыі рассялення крывічоў-палачан даследчыкамі вывучаліся паселішчы ў Віцебску, Полацку, Лукомлі. Але найбольш значны матэрыял па гісторыі насельніцтва выяўлены ў курганных могільніках. Дакладна ўстаноўлена, што для полацкіх і смаленскіх крывічоў характэрна археалагічная культура доўгіх курганоў, у якой прысутнічаюць элементы матэрыяльнай культуры ўсходніх балтаў. Смаленскія крывічы вельмі блізкія да полацкіх па мове і культуры, таму ў этнаграфічных адносінах яны часта разглядаюцца як полацка-смаленская група.
Крывічы — адна з асноўных частак старабеларускага этнасу і беларускай народнасці[5].
Паводле Макса Фасмера назва магла паходзіць ад імя родапачынальніка плямён — Крыва[6][7], Імя Крыў, як думаюць, можа быць таксама звязана з імем-тытулам балцкага вярхоўнага жраца Крывэ-Крывайтэса[8].
Пра імя крывічоў ёсць легенда, што крывічы атрымалі яго ад сярэдняй дачкі міфічнага славянскага цара Багуміра — Скрэвы[9], таму першапачаткова называліся скрывічамі. Як на доказ гэтаму спасылаюцца на дакумент, якім Папа рымскі ў 834 годзе прызначыў Ансгарыя сваім легатам да ўсіх паўночных народаў, у тым ліку да славен і скрыдэвіндаў. Апошнімі, як думаюць некаторыя аўтары, можна лічыць скрывічаў. Некаторыя аўтары выказаюць здагадку, што пачатковае «с/з» адпала з прычыны збегу трох зычных, і назва набыла форму «крэвы», «крывы», «крывічы»[10].
Археалагічныя даныя сведчаць, што крывічы як племянны саюз сфармаваліся як вынік паступовай асіміляцыі (славянізацыі) прышлымі славянамі мясцовых балцкіх і заходнефінскіх плямёнаў.
На паходжанне славянскіх продкаў крывічоў ёсць два асноўныя пункты гледжання. Першы звязвае іх прарадзіму з Карпатамі, другі — з тэрыторыяй паўночнай Польшчы. Удакладняецца, што спачатку крывічы прыйшлі на Пскоўшчыну ў VI стагоддзі (культура пскоўскіх доўгіх курганоў), рухаліся туды праз Сярэдняе Панямонне[11]. Пазней частка з іх прасунулася на поўдзень і засяліла Смаленшчыну і ўсходнюю Беларусь[12]. Раннюю дату з’яўлення крывічоў у раёне Пскова тлумачаць меншай шчыльнасцю мясцовага насельніцтва ў параўнанні з паўднёвым арэалам іх будучага распаўсюджвання.[хто?]
На карысць першай гіпотэзы сведчаць летапісы, якія паказваюць паходжанне крывічоў, асабліва палачан (разам з драўлянамі і дрыгавічамі) ад аселых на тэрыторыі Беларусі плямёнаў белых харватаў, сербаў і харутан, якія мігравалі ў вярхоўі Дняпра ў VI—VII стагоддзях[13][14][15].
Другая гіпотэза грунтуецца на працах сучасных лінгвістаў. У прыватнасці, параўнальны аналіз У. М. Тапарова, зроблены па выніках даследаванняў А. А. Залізняком мовы ноўгарадскіх берасцяных грамат і старажытнакрывіцкага дыялекту, праведзенага С. Л. Мікалаевым, паказвае зыходную прыналежнасць дыялекту крывічоў да паўночна-заходняй славянскай дыялектнай групы[16].
Чэшскі гісторык Шафарык лічыў продкамі крывічоў люцічаў і неўраў[17].