Крыштаф Арцішэўскі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
польск.: Krzysztof Arciszewski | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Павел Градзіцкі[d] | ||||||
Пераемнік | Зыгмунт Пшыемскі[d] | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
9 снежня 1592 маёнтак Рагалін, Пазнаньскае ваяводства, Рэч Паспалітая |
||||||
Смерць |
7 красавіка 1656 мястэчка Лешна, Рэч Паспалітая |
||||||
Род | Арцішэўскія | ||||||
Бацька | Ілья Арцішэўскі | ||||||
Маці | Алена Закжэўская | ||||||
Веравызнанне | пратэстанцтва (кальвінізм) | ||||||
Адукацыя | |||||||
Званне | адмірал | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Крыштаф Арцішэўскі (польск.: Krzysztof Arciszewski; 9 снежня 1592, маёнтак Рагалін, Польшча — 1656) — дзяржаўны і вайсковы дзеяч Рэчы Паспалітай, галандскі генерал, генерал кароннай артылерыі Рэчы Паспалітай (1646—1650).
Нарадзіўся ў арыянскай шляхецкай сям’і герба «Праўдзіц». З прычыны ганенняў на арыян у Польшчы Крыштаф Арцішэўскі выхоўваўся ў беластоцкіх маёнтках Радзівілаў і пры двары Крыштафа Радзівіла ў Біржах.
Як кліент Радзівіла і выдатны знаўца старабеларускай мовы, атрымаў у 1619 годзе пасаду пісара «рускай мовы» ў яго канцылярыі. Усё жыццё было цесна звязана з Радзівіламі і інтарэсамі пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага.
У 1622 годзе кіраваў абаронай Біржанскага замка ад шведскага войска. У 1623 годзе за забойства асабістага ворага шляхціца П. Бжазніцкага, які забраў яго родавы маёнтак, Арцішэўскі асуджаны на баніцыю. З 1624 года ў Галандыі.
Як стэпендыят Радзівіла, Арцішэўскі вывучаў артылерыю і навігацыю ў Лейдэнскім універсітэце. У 1627—1629 гадах кіраўнік гуртка студэнтаў-пратэстантаў з ВКЛ ва ўніверсітэце Седана. У 1629 годзе завербаваўся на службу ў галандскую Вест-Індскую кампанію і атрымаў пасаду капітана флоту Галандскай Індыі (Бразіліі і Сурымата). У Бразіліі ў войнах Галандыі супраць Іспаніі зрабіў імклівую кар’еру і ў 1637 годзе прызначаны камандуючым 7-тысячнай галандскай арміяй у Бразіліі. Але зацяжны канфлікт Арцішэўскага з губернатарам Галандскай Індыі графам Янам Морыцам Насаў, прымусіў Арцішэўскага пакінуць службу і вярнуцца ў Амстэрдам.
У 1637 годзе ўдзельнічаў у аблозе Брэды, якой кіраваў прынц Фрэдэрык Аранскі. У 1642 годзе галандскі навуковец Герард Вос (нідэрл.: Gerard Voss) выдаў у Амстэрдаме адно з першых даследаванняў паганскіх культаў індзейцаў Амерыкі «De theologia gentili et physiologia christiana sive de origine et progressu idolatriae». Значная частка кнігі, паводле прызнання аўтара, грунтавалася на этнаграфічных занатоўках Арцішэўскага, зробленых у Бразіліі.
У 1643 годзе, магчыма, у камерцыйных мэтах, Арцішэўскі падрыхтаваў у Амстэрдаме трактат пра лячэнне падагры «Epistola de padagra curata per doctorem Andream Cnevffelivm», які выдаў Блаў. Паводле Арцішэўскага, яго ўкраінскі сябар доктар Андрэй Глянеўскі вынайшаў цудадзейны сродак ад падагры, які дапамог Арцішэўскаму.
У 1648 годзе, падчас казацкага паўстання, Арцішэўскі вярнуўся ў Польшчу і прызначаны генералам артылерыі. Кіраваў абаронай Львова ад войска Багдана Хмяльніцкага. Аднак з прычыны фінансавай спрэчкі са сваім намеснікам Казімірам Семяновічам пакінуў войска і вярнуўся ў Амстэрдам.
На аснове сабранай у Амерыцы інфармацыі галандскі картограф і выдавец Ян Блаў (нідэрл.: Jan Blaeu) надрукаваў у 1650 годзе ў Амстэрдаме адну з першых карт Бразіліі. У легендзе карты Блаў змясціў кароткае лацінскае прысвячэнне Арцішэўскаму і яго герб «Праўдзіц».
Пасля заключэння Кейданскай уніі 1655 года на заклік Януша Радзівіла зноў выехаў у Рэч Паспалітую. Па яго прыкладзе пакінуў службу ў Даніі і яго брат палкоўнік Гальяш Арцішэўскі. Па дарозе Арцішэўскі захварэў і спыніўся ў пратэстанцкім мястэчку Лешна, дзе і памёр. Харугва каталіцкай шляхты выцягнула цела Арцішэўскага «як здрадцы і ерэтыка» з труны ды спаліла на ростанях. Пра гэта з абурэннем пісалі тагачасныя англійскія і галандскія газеты.
Арцішэўскі быў сябрам вядомых пратэстанскіх дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага Саламона Рысінскага і Андрэя Вішаватага.
Арцішэўскі — аўтар шэрагу вершаў, у якіх, між іншым, называў сябе грамадзянінам свету.
Помнік Арцішэўскаму ёсць у бразільскім горадзе Рэсіфі штата Пернамбуку.
Частка архіва Арцішэўскага захоўвалася ў Нясвіжскім замку, цяпер у Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве.