Крэмніцкі манетны двор | |
---|---|
славацк.: Mincovňa Kremnica | |
![]() | |
Тып | дзяржаўнае прадпрыемства |
Заснаванне | 1328 |
Заснавальнікі | Карл I Роберт |
Краіна | |
Размяшчэнне |
![]() |
Адрас | |
Ключавыя постаці | старшыня праўлення Властыміл Калінец |
Галіна | манетны двор |
Прадукцыя | манеты еўра |
Аперацыйны прыбытак | €17,237 млн (2011)[1] |
Чысты прыбытак | €1,426 млн (2011)[1] |
Матчына кампанія | Міністэрства фінансаў Славакіі |
Сайт | mint.sk |
Дзяржа́ўнае прадпрые́мства «Крэ́мніцкі мане́тны двор» (славацк.: Mincovňa Kremnica, венг.: Körmöcbányai pénzverde) — дзяржаўны манетны двор Славакіі, знаходзіцца ў Крэмніцы. З'яўляецца адным з найстарэйшых дзейных прадпрыемстваў і найстарэйшым манетным дваром у свеце.
З 2008 года тут выпускаюцца славацкія еўра.
Разам са статусам вольнага каралеўскага шахцёрскага горада ад венгерскага караля Карла I Роберта 17 лістапада 1328 Крэмніца атрымала прывілей на працу манетнага двара. Першыя манеты чаканіліся паводле ўзору манетнага двара ў Фларэнцыі і называліся флорыны. У 1499 у Крэмніцы аднымі з першых пачалі чаканіць срэбныя талеры. Прыкладна гэты часам датаваныя першыя вядомыя крэмніцкія медалі.
Пазней пачалася чаканка дукатаў. Яны былі вельмі вядомыя ў Еўропе праз сваю высокую якасць, дакладную масу (3,49 г) і чысціню (986‰) золата. Паводле ацэнак, за час сваёй дзейнасці манетны двор адчаканіў 21,5 млн дукатаў[3].
Да пачатку XX стагоддзя абсталяванне манетнага двара значна састарэла, з'явіліся нават прапановы па пераносе яго ў Будапешт. Аднак да заканчэння Першай сусветнай вайны гэтага не адбылося. Пасля таго, як чэшскія войскі ўвайшлі ў Паўночную Венгрыю, урад Караі загадаў перавезьці абсталяванне і запас высакародных металаў у сталіцу. Венгерскі ўрад пачаў чаканіць першыя манеты на зношаных станках і штампах у Чэпелі (цяпер раён Будапешта).
Чэхаславацкаму ўраду давялося ствараць манетны двор з нуля, паколькі ў Крэмніцы засталіся адны пустыя будынкі. Абсталявання новага двара пачалося ў 1921. З таго часу Крэмніцкі манетны двор чаканіў манеты для патрэбаў чэхаславацкай дзяржавы і 25 іншых краін. Пад канец Другой сусветнай вайны нацысты ўзарвалі ўсё абсталяванне, аднаўленне адбывалася да лета 1946 года.
У 1955 годзе манетны двор занесены ў спіс нацыянальных культурных славутасцей. У 1986 годзе вытворчасць перанесена ў новы будынак па-за межамі горада, а ў старым будынку ў гістарычным цэнтры засталася вытворчасць медалёў.
27 чэрвеня 1988 года Федэральнае міністэрства металургіі, механічнай і электроннай інжынерыі заснавала Дзяржаўнае прадпрыемства «Крэмніцкі манетны двор». З 31 снежня 1996 паўнапраўным уласнікам з'яўляецца Міністэрства фінансаў Славакіі[4].
Паколькі манетны двор быў адзіным на тэрыторыі Чэхаславакіі, пасля падзелу Чэхаславакіі незалежная Чэхія заснавала ў 1990-х гадах уласны манетны двор. З 23 студзеня 1993 на Крэмніцкім манетным двары пачалася чаканка славацкіх манет.
У цяперашні час манетны двор працягвае чаканіць манеты для некалькіх краін свету[5], славацкія еўра, памятныя манеты. Выпускае таксама медалі, значыкі і інш.
![]() |
Крэмніцкі манетны двор на Вікісховішчы |
---|