Кумульскае паўстанне

Кумульскае паўстанне
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Кітаі
Цюркі са складу 36-й дывізіі. Наваколлі Кумула. 1933 год.
Цюркі са складу 36-й дывізіі. Наваколлі Кумула. 1933 год.
Дата красавік 1931 — красавік 1934
Месца Сіньцзян
Вынік разгром паўстанцаў
Праціўнікі
Сіньцзян
Расія Белаэмігранты
 СССР
УТІР
пры падтрымцы
Японія
Афганістан
Младатуркі
 Вялікабрытанія[1]
Кітайская Рэспубліка
Камандуючыя
Цзінь Шужэнь
Шэн Шыцай
Павел Папенгут
Міхаіл Фрыноўскі
Ходжа Ніяз
Сабіт Дамула
Юлбарс-хан
Мухамад Эмін Бугра
Ма Чжун’ін
Ма Шымінь
Ма Фумінь
Ма Фуюань

Кумульскае паўстанне — нацыянальна-вызваленчы рух мусульманскіх народаў правінцыі Сіньцзян Кітайскай Рэспублікі, які меў месца ў 1931—1934 гадах. Падзеі пачаліся з бунту ўйгурскага насельніцтва Хамі.

Паўстанне праходзіла пад антыкітайскімі, панісламісцкімі і панцюркісцкімі лозунгамі. Былі задзейнічаны шырокія слаі насельніцтва — мясцовая арыстакратыя, мусульманскае духавенства, купецтва, рамеснікі і сяляне.

Перадумовы і прычыны

[правіць | правіць зыходнік]
Цзінь Шужэнь

У 1928 годзе новы губернатар Цзінь Шужэнь пачаў праводзіць палітыку кітаізацыі рэгіёна і ўмацаваў сувязі з цэнтральным гаміньданаўскім урадам. Быў згорнуты традыцыйны гандаль з Туркестанам, што прывяло да істотнага звужэння рынку збыту тавараў жывёлагадоўлі мясцовага насельніцтва, а таксама да значнага падаражання прамысловых тавараў[2].

Таксама Цзінь Шужэнь правёў шырокі рэкруцкі набор сярод кітайскіх бежанцаў са сваёй роднай правінцыі Ганьсу, у якой было толькі што задушана паўстанне дунганцаў, і стварыў з іх некалькі баяздольных часцей. Для пакрыцця выдаткаў на рэзка павялічную армію губернатар пачаў эмісію грошай, што справакавала інфляцыю; ён павысіў падаткі і ўвёў шэраг дзяржманаполій. Цзінь замяніў камандны склад арміі даверанымі людзьмі, змяніў усіх павятовых начальнікаў, адхіліў з пастоў некаторых кіраўнікоў акруг і самых ненадзейных чыноўнікаў, імкнучыся замяшчаць пасады ўласнымі сваякамі і землякамі з Ганьсу, што прывяло да скачка карумпаванасці.

У сакавіку 1930 года ўлады Кітая ліквідавалі Кумульскае ханства. На яго тэрыторыі было створана два паветы, былі ўведзеныя падаткі, павятовымі начальнікамі былі прызначаныя кітайцы. Зборшчыкі падаткаў, карыстаючыся бескантрольнасцю, акрамя афіцыйных падаткаў сталі патрабаваць і незаконныя паборы, якія пагражалі сялянам поўным спусташэннем; перакінутыя сюды яшчэ пры кіраванні Ян Цзэнсіна войскі з-за дрэннай работы тылу апынуліся прадастаўленымі самі сабе і прыступілі да самазабяспячэння шляхам рабавання мясцовага насельніцтва. Уцекачам з Ганьсу вылучалі зямлю за кошт мясцовага ўйгурскага сялянства[3].

Нагода і пачатак паўстання

[правіць | правіць зыходнік]
Ма Чжун’ін

Мяцеж пачаўся ў красавіку 1931 года, калі ў Сяабаа адзін з кітайскіх зборшчыкаў падаткаў, ротны камандзір, вырашыў сілай завалодаць уйгурскай дзяўчынай. Зборшчык быў забіты, 200-300 уйгурскіх сялян спалілі ўпраўленне павятовага начальніка, забілі яго самога і пачалі забіваць кітайцаў. Затым яны рушылі на Хамі з мэтай яго захопу, але гарнізон адбіў атаку, і паўстанцы беглі ў горы.

Адначасова з гэтым у раёне горада Баркуля арганізавалася група казахскіх паўстанцаў, якім удалося захапіць Баркуль і арсенал. Даведаўшыся пра падыход урадавых войскаў, мяцежнікі таксама беглі ў горы, дзе і злучыліся з уйгурамі. Неўзабаве да іх далучыліся мясцовыя сяляне. Атрад, які вырас да 2 тысяч чалавек, рушыў на Хамі і ў маі заняў горад.

Да паўстанцаў далучыліся незадаволеныя рэформамі Цзінь Шужэня мясцовыя феадалы, якія пасля ўзначалілі антыўрадавы рух. Кіраўнік гаспадаркай Кумульскага ханства Ходжа Ніяз, афіцэр аховы памерлага князя, і Юлбарс-хан, былы хамійскі саветнік, запрасілі на дапамогу з Ганьсу генерала-дунганіна Ма Чжун’іна[4]. Той накіраваў 800 дунганскіх кавалерыстаў[2]. Перад паходам у Сіньцзян Ма заключыў з Гаміньданам, незадаволеным праўленнем Цзіня, сакрэтнае пагадненне, што ў выпадку перамогі Ма зойме пасаду губернатара[5]. Да паўстанцаў далучыліся дунганы, казахі, джунгары, кіргізы і іншыя народнасці правінцыі. Ма злучыўся з кумульскімі паўстанцамі, атрады дунганаў і ўйгураў рушылі ў Хатан і Яркенд; у першым мяцежнікі на чале з братамі Дамула ўтварылі Хатанскі эмірат; узброены выступленні распаўсюдзіўся на раёны Турфана, дзе іх узначалілі купец Максудахун Мухітаў. Да вясны 1931 года мяцеж ахапіў практычна ўсю правінцыю. Паўстанцы падтрымалі Вялікабрытанія і Японія, у іх войсках знаходзіліся японскія і младатурэцкія інструктары-эмігранты.

Ваенны пераварот і кантакты з СССР

[правіць | правіць зыходнік]

Армія Цзінь Шужэня апынулася небаяздольнай, а заклікаць у войскі ненадзейных уйгураў і дунганаў было рызыкоўна.

Узмацніць баяздольнасць вайсковых часцей можна было толькі мабілізацыяй рускіх эмігрантаў. Мабілізацыі падлягалі не толькі тыя рускія, што пражывалі ў Сіньцзяне, але і тыя, хто бег ад калектывізацыі і голаду ў СССР; чалавека ставілі ў строй ледзь ён пераступаў мяжу. Тры сотні, сфармаваныя ў Ілійскім краі, былі ўключаныя ў кавалерыйскую брыгаду, якая перайшла пад кіраванне рускіх афіцэраў. Іншы атрад быў сфармаваны пад камандаваннем былога начштаба групы атамана А. І. Дутава палкоўніка П. П. Папенгута. 180 чалавек з гэтага атрада папоўніла гарнізон Урумчы, а 1 лістапада 1931 года ён зняў узначаленую Ма Чжун’інам аблогу Хамі; сам Ма, паранены, быў вымушаны адысці ў Ганьсу. У лютым 1932 года быў праведзены новы набор рускіх у Ілійскім краі; было сфарміравана 3 кавалерыйскіх палка колькасцю ў 1800 чалавек, аднак гэтых сіл было відавочна недастаткова, і Цзінь звярнуўся па дапамогу да СССР. Савецкі ўрад у абмен на адкрыццё савецкіх гандлёвых прадстаўніцтваў дазволіў перакінуць у Сіньцзян некалькі тысяч інтэрнаваных у СССР кітайскіх салдат, якія адступілі з захопленай японцамі Маньчжурыі. У адказ Гаміньдан адкрыта выступіў на баку Ма, афіцыйна прызначыўшы яго камандзірам мяцежнай 36-й дунганскай кавалерыйскай дывізіі НРА[5][6].

Сярод паўстанцаў не было адзінства. Хамійцы, выгнаўшы кітайскія войскі, не хацелі працягваць наступленне, на чым настойвалі дунганы. Юлбарс-хан, пасварыўшыся з Ходжай Ніязам, са 170 прыхільнікамі сышоў да Ма Чжун’іна.

У 1932 годзе група дунган з атрада Ма Чжун’іна, абышоўшы кітайскія гарнізоны, пранікла на захад, у Турфанскую акругу, дзе насельніцтва адразу паўстала. Камандзір атрада Ма Шымін падпарадкаваў сабе паўстанцаў і павёў энергічную падрыхтоўку для наступлення на поўнач, на Урумчы, і на паўднёвы захад, дзе па чутках таксама ўспыхнула паўстанне. Але па Турфану нанеслі ўдар кітайскія часці і казачыя палкі, якія знаходзіліся на ўсходзе. Да сакавіка 1933 года Турфанская акруга была ачышчана ад мяцежнікаў, якія разбіліся на тры групы і дзейнічалі самастойна. Першая група, якая засталася ў Турфане, неўзабаве рассеялася. Адпраўленая яшчэ ў лютым для захопу Урумчы група пад ударамі ўрадавых войскаў таксама раскалолася: адна частка засталася ў Цяньшане, пагражаючы Урумчы з поўдня, іншая пайшла на паўночны ўсход да Гучэну, а трэцяя адправілася на захад, у раён горада Шыха-Манас; казахі, якія ўваходзілі ў апошнюю групу, самастойна сышлі на паўночны захад, у Алтай, паднялі абак-керэеў, і вясной 1933 года зрынулі кітайскую ўладу ў акрузе. Трэцяя група дунган пад камандаваннем Ма Цзыху пайшла на Кашгар, па шляху да іх далучыліся паўстанцы пад кіраўніцтвам Цімурбека, а таксама дробныя групы з кішлакаў і гарадкоў Кашгарыі.

З падыходам паўстанцаў да Кашгару паўсталі мясцовыя кіргізы, а таксама басмачы-эмігранты з Ферганы, сярод кіраўнікоў якіх успыхнула барацьба за ўладу. У міжусобіцу ўцягнуліся ўсе паўстанцкія групоўкі, у выніку чаго быў забіты найбольш энергічны ўйгурскі кіраўнік Цімурбек. Пры гэтым паводзіны дунган у Кашгарыі выклікалі здзіўленне ў народа: зрынаючы кітайскую ўладу, яны пакідалі на ранейшых месцах кітайскіх чыноўнікаў і старыя парадкі. Шавінізм, жорсткая эксплуатацыя і ўціск усіх недунган з боку Ма Шыміна адштурхнулі ўйгураў ад дунган. Усталяваны імі рэжым, шматлікія пакаранні смерцю, гвалтоўныя мабілізацыі прывялі нават да пераходу часткі ўйгураў ва Урумчынскай акрузе на ўрадавы бок.

Шэн Шыцай

Зімой 1933 года пакінутыя ў Сіньцзян дунганы пад камандаваннем Ма Шыміна і Ма Фуміна беспаспяхова штурмавалі Урумчы. Абапіраючыся на перакінутыя ў сакавіку 1933 года з СССР сілы генерала Ма Ду і атрады белагвардзейцаў, камандуючы сіньцзянскімі войскамі ў раёне Турфана генерал Шэн Шыцай сіламі 1-га рускага палка пад камандаваннем Папенгута 12 красавіка зрынуў ранейшага губернатара Цзінь Шужэня. Той бег у Чугучак, а затым у Цяньцзінь, дзе быў арыштаваны, перапраўлены ў Нанкін і асуджаны за несанкцыянаванае заключэнне дамовы з СССР.

Нанкінскі ўрад накіраваў у Сіньцзян Хуан Мусуна ў якасці ўпаўнаважанага па ўціхамірванні краю і камандуючага правінцыйнымі войскамі. Аднак, прыбыўшы ва Урумчы, Хуан Мусун выявіў, што яго пасада занятая Шэн Шыцаем. На словах прызнаўшы яго, Хуан Мусун пачаў плесці змову, аднак быў раскрыты і збег у Нанкін.

Новы губернатар паслаў прадстаўнікоў у СССР, каб дамагчыся матэрыяльнай, фінансавай і ваеннай дапамогі, а да хамійскіх паўстанцаў звярнуўся з прапановай міру. Былі абвешчаныя раўнапраўе ўсіх народаў, палітычныя свабоды і меры па паляпшэнню эканамічнага становішча насельніцтва. З Ходжа Ніязам пры ўдзеле Саветаў было дасягнута фактычнае пагадненне аб прыняцці гэтай праграмы; яе, аднак, не падтрымалі правадыры паўстанцаў ў Кашгары і Хатане.

З вяртаннем Ма Чжун’іна ў Сіньцзян быў захоплены Хамі, аднак ён набыў сабе благую славу рабаваннямі, а таксама мабілізацыяй уйгураў у пяхоту пад каманду афіцэраў-ханьцаў, што выклікала мяцеж сярод кумульцаў. Разам з гэтым, Ма ўдалося схіліць кіраўніка Ілійскага краю Жань Пэяня выступіць супраць сіньцзянскіх войскаў.

Усходне-Туркестанская Рэспубліка

[правіць | правіць зыходнік]

Яшчэ да прыходу паўстанцаў кашгарскі губернатар таксама пачаў барацьбу за незалежнасць. Генеральны консул СССР у Кашгары Ткачоў паведаміў, што 31 студзеня 1933 года кашгары цікавіліся ацэнкай падзей у Сіньцзяне і прасілі аказаць дапамогу зброяй, валютай і вайсковымі часцямі. Адначасова яны прапаноўвалі консулу агледзець аэрадром і вызначыць яго прыдатнасць для эксплуатацыі.

Пасля захопу паўстанцамі Кашгара дунганы падтрымалі мясцовага губернатара (таксама дунганіна), які працягваў выконваць свае абавязкі. Паралельна з гэтым летам 1933 года Сабіт Дамула і Мухамад Эмін Бугра абвясцілі аб стварэнні незалежнай Усходне-Туркестанскай Ісламскай Рэспублікі. У адрозненне ад кумульцаў, яны патрабавалі стварэння цалкам аўтаномнай дзяржавы, ніяк не залежнай ад Сіньцзяна і Кітая, і выступалі не толькі супраць ханьцаў-іншаверцаў, але і супраць дунган. 12 лістапада была склікана Нацыянальная Асамблея, прынятая канстытуцыя, дзяржаўныя сімвалы[7][8]. Прэзідэнт краіны завочна аб’яўляўся Ніяз-ходжа, прэм’ер-міністрам — Сабіт Дамула.

Контрпаўстанцкая кампанія Шыцая

[правіць | правіць зыходнік]

Прыйшоўшы да ўлады, Шэн Шыцай звольніў з войска ўсіх небаяздольных, перафармаваў часці, прызначыў новы начальніцкі склад, наладзіў забеспячэнне войскаў харчаваннем, узбраеннем, боепрыпасамі.

З паўночнага ўсходу Урумчы прыкрывала групоўка, перакінутая ў Гучэн яшчэ Цзінь Шужэнем з Хамі. Яе камандуючыя адмовіліся выступіць насустрач Ма Чжун’іну, які, не сустракаючы супраціву, прасоўваўся да Гучэну, па шляху раззбройваючы дробныя гарнізоны. 28 мая ён акружыў Гучэн, і ўзяў яго штурмам. Пры штурме Ма панёс вялікія страты, але затое захапіў багатыя трафеі: 12 тысяч вінтовак, 10 кулямётаў, 500 тысяч патронаў і іншага ўзбраення, і палонных, якіх ён неадкладна паставіў у свае шэрагі. Пагроза захопу Урумчы з поўначы набыла рэальныя абрысы.

Дунганскія войскі падрыхтаваліся да наступлення і з поўдня, збіраючыся нанесці ўдар па горадзе, як толькі кітайцы сыдуць да Гучэна, агаліўшы абарону Урумчы. Атрад пад камандаваннем Ма Дасяна павінен быў ударам на Саньчжы адрэзаць Урумчы з захаду, пазбавіўшы Шыцая баз забеспячэння. Аднак Шэн Шыцай прапанаваў Ма Дасяну пасаду камандзіра дывізіі, і ў выніку той адмовіўся ад актыўных дзеянняў. Скарыстаўшыся гэтым, губернатар перакінуў пад Гучэн часці падмацавання і 3 казачых палка з трыма батарэямі, і 13 чэрвеня ўшчэнт разбіў войскі Ма Чжун’іна, які з невялікай групай збег у Турфан. Пасля кітайскія войскі і казачыя палкі былі перакінутыя на поўдзень, і 7-9 ліпеня разграмілі дунган.

Неўзабаве Ма Чжун’ін набраў 4 тысячы байцоў, але сіл для рашучай сутычкі было мала, таму ён вырашыў падняць на бунт паўночны захад правінцыі. Тым часам Шэн Шыцай зрабіў ход казырнай картай: ён апублікаваў дэкларацыю, у якой абвяшчалася нацыянальнае раўнапраўе, свабода веравызнання і нацыянальнае самакіраванне. У выніку ўдалося ўлагодзіць казахаў і ўйгураў, падаўшы ім аўтаномію на Алтаі і ва Усходнім Туркестане. Алтайскія абак-керэі супакоіліся і выконвалі пажаданы ўраду нейтралітэт, а кіраўнік Усходняга Туркестана Ходжа Ніяз з праціўніка стаў саюзнікам урада.

Паўстанне ў Чугучаку і баі за Урумчы

[правіць | правіць зыходнік]

Каб узбунтаваць паўночны захад Ма Чжун’ін адправіў на Алтай свайго зводнага брата Ма Хаіна. Той павінен быў падняць там мясцовых дунган, сфармаваць з іх воінскія часці, на зваротным шляху захапіць горад Манас і адрэзаць Урумчы ад заходніх акругаў — базы забеспячэння кітайскай арміі. Аднак алтайскія казахі, падпісаўшы з Шэн Шыцаем пагадненне, спынілі барацьбу. Здолеўшы набраць усяго 2,5 тысяч чалавек, Ма не пайшоў проста на добра ўмацаваны Манас, а вырашыў ісці на Чугучак, разлічваючы папоўніцца за кошт тарбагатайскіх дунган. Атрымаўшы інфармацыю пра набліжэнне паўстанцаў, тарбагатайскі кіраўнік загадаў усяму немусульманскаму насельніцтву Чугучака схавацца ў Новай крэпасці. 6 кастрычніка атрад Ма ўступіў у горад і размясціўся ў Старой крэпасці, з яго прыбыццём пачалося паўстанне мусульманскага насельніцтва. Пачаўся штурм Новай крэпасці, аднак 8 кастрычніка да Чугучака прыбыў 2-гі казацкі полк. Ма не адважыўся ўступіць у сутычку, і пайшоў на ўсход.

Тым часам перамовы Ма Чжун’іна і Шэн Шыцая зайшлі ў тупік. У кастрычніку кітайскія войскі атакавалі перавал Даванчэн, але пацярпелі паразу. Ва Урумчы пачалася паніка. Некаторыя члены ўрада настойвалі на эвакуацыі ў Кульджу, але становішча выратаваў Ходжа Ніяз, які ўдарыў па ворагу з тылу. Гэта дало магчымасць Шыцаю зачыніць пралом на гэтым кірунку і, не ўвязваючыся ў баявыя дзеянні, перачакаць прыбыцця новых падмацаванняў. Тым часам паўстанцы абклалі Урумчы з усіх бакоў.

У кастрычніку Шыцай здзейсніў візіт у Масква для ўрэгулявання эканамічных і ваенных пытанняў. Падчас паўторнага візіту ў снежні яго суправаджаў савецкі генеральны консул; было дасягнута пагадненне аб прамой ваеннай падтрымцы[9]. З СССР была перакінутая т. зв. «Алтайская добраахвотніцкая армія», сфарміраваная з камандзіраў і чырвонаармейцаў 13-га Алма-ацінскага і 10-га Ташкенцкага палкоў, узмоцненых некалькімі бронемашынамі і абмундзіраваных у белагвардзейскую форму. Асабісты склад быў строга праінструктаваны адмаўляць сваю прыналежнасць да СССР і даваў падпіску на 50 гадоў пра неразгалошванне дэталяў дзеянняў у Сіньцзяне. Па даручэнні сіньцзянскага губернатара палкоўнік Папенгут сфармаваў адзін кавалерыйскі і два пяхотныя палкі, якія фінансаваліся СССР. Дзеянні «алтайцаў» вызначаліся як спецыяльная аперацыя Галоўнага ўпраўлення памежнай аховы, якой кіраваў М. П. Фрыноўскі. Савецкі Саюз фінансаваў удзел белагвардзейскіх атрадаў у баях на баку Сіньцзянскага ўрада. Такім чынам, у гарах і пустынях Заходняга Кітая «чырвоныя» і «белыя» змагаліся на адным баку і нават былі апранутыя ў тую ж ваенную форму[10].

Савецка-сіньцзянскія войскі разграмілі Жань Пэяня. Чан Кайшы адмовіўся ад адпраўкі падмацаванняў Ма, бо баяўся ўцягвання ў прамы ўзброены канфлікт з СССР[11].

У Ма Чжун’іна ў страі да гэтага часу налічвалася 10 тысяч байцоў. Адступаючыя з-пад Урумчы яго войскі пайшлі на Кашгар, узялі горад і ліквідавалі Усходне-Туркестанскую Рэспубліку. 6 лютага 1934 года Ходжа Ніяз і Сабіт Дамула беглі ў Янгігісар, дзе ў красавіку ўйгура-кіргізскія войскі пацярпелі канчатковае паражэнне[5].

Савецкая ваенная прысутнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Вясной 1934 года пасля стабілізацыі сітуацыі ў рэгіёне пачаўся вывад савецкіх войск, аднак была пакінута на 3-4 месяцы конная група з артбатарэяй, некалькімі бронемашынамі і некалькімі самалётамі, агульнай колькасцю ў 450 чалавек. На тэрмін ад 6 месяцаў да года пакідаліся лётчыкі, аўтамеханікі, вадзіцелі і камандзіры бронемашын, артылерысты, кулямётчыкі і агульнавайсковыя камандзіры ў якасці інструктараў (усяго 100 чалавек). Усе савецкія вайскоўцы пераходзілі на ўтрыманне Урумчынскага ўрада.

  1. David Martin Jones, Paul Schulte, Carl Ungerer, M.L.R. Smith (2019). Handbook of Terrorism and Counter Terrorism Post 9/11. Edward Elgar Publishing. p. 341. ISBN 9781786438027.{{cite book}}: Папярэджанні CS1: розныя назвы: authors list (спасылка)
  2. а б Усов В. Н. Советская разведка в Китае: 30-е годы XX века. — М., Тов-во науч. изд. КМК, 2007. — ISBN 978-5-87317-367-9 — c. 356
  3. Усов В. Н. Советская разведка в Китае: 30-е годы XX века. — М., Тов-во науч. изд. КМК, 2007. — ISBN 978-5-87317-367-9 — c. 357
  4. Петров В. И. «Мятежное „сердце“ Азии. Синьцзян: краткая история народных движений и воспоминания», — Москва: издательство «Крафт+», 2003. ISBN 5-93675-059-0
  5. а б в Andrew D. W. Forbes. Warlords and Muslims in Chinese Central Asia: a political history of Republican Sinkiang 1911-1949 (англ.). — Cambridge, England: Cambridge University Press, 1986. — P. 376. — ISBN 0521255147.
  6. Ai-ch'ên Wu, Aichen Wu. Turkistan tumult (неопр.). — Methuen (англ.)рус.: Methuen (англ.)рус., 1940. — С. 71, 232.
  7. Zhang, Xinjiang Fengbao Qishinian [Xinjiang in Tumult for Seventy Years], 3393-4.
  8. Lee, JOY R.. THE ISLAMIC REPUBLIC OF EASTERN TURKESTAN AND THE FORMATION OF MODERN UYGHUR IDENTITY IN XINJIANG. KANSAS STATE UNIVERSITY. Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2012. Праверана 28 чэрвеня 2010.
  9. Гуань Ю. П. Штрихи к политическому портрету Шэн Шицая Архівавана 16 верасня 2011.
  10. Нэх В. Ф. Специальная операция НКВД в Синьцзяне Архівавана 10 жніўня 2020.
  11. Hsiao-ting Lin. Modern China's Ethnic Frontiers: A Journey to the West (англ.). — Taylor & Francis, 2010. — P. 46. — ISBN 0415582644.