Кхарыя | |
Агульная колькасць | 768600 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Індыя — 757000 Бангладэш — 11000 Непал — 600 |
Мова | кхарыя, одыя |
Рэлігія | політэізм, татэмізм |
Блізкія этнічныя групы | мунда, хо, санталы, бірхор, корку, савара, гадаба, бхумідж |
Кхарыя́ (хіндзі: सवरा, सबरा) — аўстраазіяцкі народ ва ўсходняй Індыі. Жывуць таксама ў Бангладэш і Непале. Агульная колькасць (2021 г.) — 768 600 чалавек[1].
Кхарыя лічаць сябе нашчадкамі раджаў Нагбансі, па паходжанню мунда. Акрамя таго, існуюць родавыя паданні пра паходжанне ад пэўнай расліны або жывёлы. Першапачатковым месцам іх пасялення была пагорыстая лясная мясцовасць Маюрбандж на мяжы штатаў Адыша і Джхаркханд, адкуль яны пачалі рассяляцца ў другой палове XVIII ст. часткова пад ціскам одыя, часткова ў пошуках працы. Так, у Асаме абшчына кхарыя з’явілася пасля заснавання там чайных плантацый.
Кхарыя падзяляюцца на 3 супольнасці: дудх («чыстыя»), дхелкі́ («новыя перасяленцы») і пахары («горныя»). Кожная з іх мае сваё кіраванне. Пахары працягваюць жыць у Маюрбанджы, захоўваюць традыцыйную вопратку і звычаі. Але большасць з іх размаўляе на дыялекце одыя, а таму не вызнаюцца з боку дудх і дхелкі як сапраўдныя кхарыя.
Асноўнымі заняткамі кхарыя з’яўляюцца жывёлагадоўля і збіральніцтва. Яны трымаюць кароў, коз, авечак, курэй. Назіраецца нястача ворыва, таму земляробства абмежавана вырошчваннем гародніны і кармавых культур для жывёлы. На працягу года збіраюць у лясах мёд, воск, смалу, куркуму, ядомую дзікую садавіну і карэнне. У нашы дні многія кхарыя наймаюцца на сезонную працу да сялян або дробныя прамысловыя прадпрыемствы, займаюцца рамяством і гандлем. Найбольш распаўсюджаныя рамёствы: пляценне і апрацоўка драўніны. Паляванне і рыбалоўства маюць дадатковы характар.
Звычайная паўседзённая ежа — вараны рыс, радзей проса або кукуруза, прыпраўленыя смажаным ядомым лісцем. На святы пякуць рысавыя пірагі і робяць мясное кары. Папулярны самаробныя алкагольныя напоі з рысу і садавіны, курэнне тытуню.
Традыцыйная вопратка ўключае доўгі кавалак тканіны, які абгортваецца вакол стану, для мужчын і доўгае сары для жанчын. І мужчыны, і жанчыны ўпрыгожваюцца металічнымі і касцянымі бранзалетамі, завушніцамі, пацеркамі. Жанчыны дудх аддаюць перавагу ўпрыгожванням з золата.
Кхарыя звычайна не маюць асобных вёсак і селяцца разам з прадстаўнікамі іншых народаў. Пры гэтым дудх і дхелкі́ ўсё ж адасабляюцца ад астатніх, ствараюць свае кластары ў паселішчах. Жытлы кхарыя ўяўляюць сабою чатырохкутныя хаціны, што будуюцца з драўніны, а потым тынкуюцца глінай. Дахі крыюць саломай або дахоўкай. Знутры хаціны ўтрымоўваюць некалькі пакояў для жылых і гаспадарчых патрэб. Заможныя кхарыя ўзводзяць каля хацін стайні.
Вялікая пашыраная сям’я ўсё яшчэ з’яўляецца галоўнай грамадскай адзінкай. На яе чале заўсёды стаіць старэйшы жанаты мужчына, які размяркоўвае сямейныя абавязкі, жытло і прыбыткі паміж чальцамі. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны адбываюцца выключна па мужчынскай лініі. Прычым, на спадчыну могуць прэтэндаваць нават прыёмныя сыны, але не дочкі. Жанчынам забараняецца датыкацца да прылад апрацоўкі зямлі або будаўніцтва, удзельнічаць у міжсямейных нарадах. Шлюбы з прадстаўнікамі іншых народаў забаронены. У наш час дзеці пасля сталення імкнуцца жыць асобна ад бацькоў, таму на змену пашыраным сем’ям паступова прыходзяць малыя нуклеарныя.
Родавыя сувязі захоўваюцца на працягу некалькіх пакаленняў і часцяком рушацца пры перасяленні. Тым не меней, кхарыя працягваюць падтрымліваць падзел на дудх, дхелкі́ і пахары (савар). Яны ствараюць асобныя супольнасці, звязаныя асобнымі рэлігійнымі рытуаламі, міфалогіяй і эндагамнымі адносінамі. Сем’і з аднаго паселішча ствараюць кіруючую раду. Акрамя таго, яны ўдзельнічаюць у агульнавясковай радзе. Вышэй стаіць рэгіянальная рада, што аб’ядноўвае сем’і з розных паселішчаў. На чале такіх рад стаяць выбраныя правадыры прадхан. Ім дапамагаюць жрацы дэхуры, чараўнікі гунія, пасланцы дакуа.
Кхарыя знакаміты сваімі святамі, якія захавалі старажытныя традыцыі гэтага народа. Так, свята парыдхі ўяўляе сабою рытуальнае паляванне. Святы Ам-Нуакхія і Пус-Параб прысвечаны збору ўраджаю розных культур. Пад уплывам індуізму, некалькі разоў за год святкуецца пуджа. Яны суправаджаюцца групавымі танцамі нежанатай моладзі. Распаўсюджаныя народныя музычныя інструменты: барабан, бубен, флейта.
Традыцыйная рэлігія кхарыя адыгрывае важную арганізацыйную ролю, аб’ядноўвае чальцоў гэтага народа супольнымі святамі і міфалогіяй. У сваёй аснове яна політэістычна. Кхарыя шануюць багоў і духаў, сярод якіх асабліва вылучаюцца багіня зямлі Дхарані і бог сонца Дхарам, а таксама духі пагоркаў пат. Захаваліся старажытныя татэмічныя вераванні, калі прадстаўнікі родаў атаясняюць сваё паходжанне з пэўнай жывёлай або раслінай. Значны вонкавы ўплыў аказвае індуізм.
Кхарыя на Вікісховішчы |