Кэмп-Нама (англ.: Camp Nama) — былая амерыканская ваенная база ў Багдадзе (Ірак).
Аб’ект заснаваны яшчэ пры Садаме Хусейне, але пасля замежнага ўварвання тут размясціліся амерыканскія войскі. Падчас Іракскай вайны (2003—2011) лагер выкарыстоўвалі сілы спецыяльных аперацый. Так, напрыклад, спецатрад Task Force 6-26 праводзіў на аб’екце допыты зняволеных для атрымання інфармацыі аб іарданскім тэрарысце Абу Мусабе аз-Заркаві[1]. У сувязі з гэтым з 2005 года ў СМІ паступалі паведамленні аб жорсткім абыходжанні з палоннымі баевікамі (збіцці, уздзеянні моцным холадам, пагрозы смерцю)[2]. Брытанскія вайскоўцы, што служылі ў Іраку, заяўлялі, што ў Кэмп-Нама зняволеныя на працягу доўгага часу ўтрымліваліся ў камерах памерам з вялікую сабачую будку. Іх катавалі электрычным токам і змяшчалі ў гуканепранікальны транспартны кантэйнер для допыту, дзе тыя аказваліся ў стане фізічнага стрэсу[3]. Як адзначаў старшы навуковы супрацоўнік Human Rights Watch па тэрарызме і барацьбе з тэрарызмам, гэтыя парушэнні былі санкцыянаваны ўладамі і выкарыстоўваліся паўсюдна[4].
«Каштоўных» вязняў дапытвалі ў так званым «чорным пакоі» — цёмным, амаль пустым памяшканні з вялікімі металічнымі гакамі, якія звісалі са столі. Ахоўнікі часта выкарыстоўвалі гучны рок, каб мучыць зняволеных падчас допытаў. Часопіс The New York Times згадваў іншыя часткі базы Кэмп-Нама з мудрагелістымі назвамі, у тым ліку «Матэль 6» — групу драўляных камер, пабудаваных байцамі ваенна-марскімі сіламі ЗША[1].