Мястэчка
| ||||||||||||||||||||||
Кернаў[1] або Кернава[2], таксама Кярнаве (літ.: Kernavė) — мястэчка ў Літве, на рацэ Віліі. Цэнтр сянюніі Шырвінцкага раёна Віленскага павета. Месціцца за 18 км на паўднёвы захад ад Шырвінтаў, за 35 на паўночны захад ад Вільні.
Каля паселішча размешчаны гістарычна-археалагічны комплекс, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Назва Кернаў, Кернава (літ.: Kernavė, Кярнаве) ад назвы ракі Kernavė, якая ад літоўскага kernavė «топкае месца ў лугах, у лясах». Такога ж паходжання літоўскія рачныя назвы Kernavas, Kerniava, Kernavė[3], назва ракі Кернава (прыток вілейскай Ашмянкі).
Хроніка Быхаўца падае міфалагізаваную версію паходжання кернаўскай назвы — ад імя легендарнага князя Кернуса, які нібыта заснаваў Кернаў. Так жа сама утварылася і імя Швінтарог (ад мясціны *Šventaragis «Святы рог» пасярод цяперашняй Вільні).
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Kernow (1365), Керново (XVI стагоддзе), Керновъ (1689); у беларускіх тэкстах таксама ўжываюцца формы Кернова[4] і Кернава.
Першы пісьмовы ўспамін пра Кернаў датуецца 1279 годам («Старэйшая рыфмаваная хроніка», «Хроніка Германа Вартберга») у звязку з рэйдам крыжакоў. Абарончай сістэмай паселішча ў XIII—XIV стагоддзях былі 5 замкаў, размешчаных на правым беразе Віліі, ад якіх засталіся гарадзішчы, цяперашнія іх назвы — Замкавая Гара (вышыня 30 м, плошча 5,82 га); Гара Ахвярніка (або Святая Гара; вышыня 13—18 м, плошча 1,3 га); Гара Ліздзейкі (або Крывейтэ; вышыня 25—30 м, плошча 0,4 га); «Сталец Міндоўга» (вышыня 22 м, плошча 1,08 га); Гара Кернава (стаіць асобна ад асноўнай групы, разам з могільнікам займае 1,48 га).
У Кернаве, мяркуецца, была рэзідэнцыя вялікага князя літоўскага Трайдзеня і першапачаткова вялікага князя Гедзіміна. Іх лакалізуюць на Гары Ахвярніка. Гандлёва-рамесны пасад месціўся вакол замкаў, прадмесці — на Замкавай Гары. Забудова была драўлянай[5]. Пахавальны абрад на могільніку сведчыць пра суіснаванне ў XIII—XIV стагоддзях паганскіх і хрысціянскіх традыцый. У 1365 годзе Кернаў значна пацярпеў у часе рэйду тэўтонскіх рыцараў. У 1390 годзе атрад крыжакоў на чале з маршалам Энгельгартам фон Рабэ знішчыў драўляныя замкі, пасля чаго яны не змаглі адрадзіцца і не мелі былой сілы.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай
У XV стагоддзі ў даліне Паяты (каля 25 га) на беразе Віліі з’явілася новае паселішча, што ўваходзіла ў склад Віленскага павета. Каля 1420 года вялікі князь Вітаўт заснаваў у Кернаве касцёл. У 1571 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў мястэчку магдэбургскае права, якое ў 1792 годзе пацвердзіў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У XVI—XVII стагоддзях аўтары тагачасных гістарыяграфічных твораў («Хроніка» Мацея Стрыйкоўскага, Густынскі летапіс, «Гісторыя» А. Каяловіча) называлі Кернаў адным з найважнейшых палітычна-адміністрацыйных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага ў XIII—XIV стагоддзях.
1795 года Кернаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у мястэчку дзейнічалі касцёл і капліца.
За часамі Першай сусветнай вайны з 1915 года Кернаў быў заняты войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кернаў абвешчаны часткай Беларускай Народнай Рэспублікі[6]. Раней свае прэтэнзіі на тэрыторыю выказала Літва. Па польска-літоўскіх баях і падпісанні пагаднення паміж Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе ён апынуўся ў складзе Літвы.
З 1940 года ў Літоўскай ССР. У 1960 годзе тэрыторыю старажытнага паселішча і замкаў абвясцілі запаведнікам. У 2004 годзе Кернаў занеслі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
З 1990 года ў складзе адноўленай незалежнай Літвы.
Дзейнічае Кернаўскі археалагічны і гістарычны музей-запаведнік.