Кінематограф Албаніі з'явіўся ў 1911—1912 гадах з першымі паказамі замежных фільмаў і здымкамі дакументальных фільмаў у перадваенны і міжваенны перыяд. У часы сацыялізму пры садзейнічанні СССР быў заснаваны Албанскі кінаінстытут, які пазней стаў вядомы як «Kinostudio Shqipëria e Re» і быў засяроджаны, у першую чаргу, на прапаганду барацьбы ваеннага часу. Рост ізаляцыі ў 1970-х і 1980-х гадах прывёў да скарачэння імпарту фільмаў і спрыяў пашырэнню айчыннай вытворчасці розных жанраў, у тым ліку дакументальных і анімацыйных фільмаў. Да 1990 года ў Албаніі было створана каля 200 фільмаў і пабудавана каля 450 тэатраў, але большасць абсталявання была састарэлай. У 1990 года «Kinostudio Shqipëria e Re» быў прыватызаваны і быў створаны новы Нацыянальны цэнтр кінематаграфіі, пасля чаго было пабудавана шмат новых сучасных кінатэатраў, у якіх паказваюць, у асноўным, амерыканскія фільмы.
Першым публічным кінапаказам у Албаніі быў паказ малавядомага фільма «Пэдзі Надзейны», камічная гісторыя замагільнага жыцця чалавека, які настолькі адцягваўся на дробязі, што не змог прысутнічаць на сваім уласным пахаванні. Першыя паказы замежных фільмаў адбыліся ў гарадах Шкодэр і Корча. Першымі албанскімі фільмамі былі дакументальныя стужкі; першым знятым фільмам быў фільм пра Манастырскі кангрэс, які санкцыяваў албанскі алфавіт у 1908 годзе.
Пасля Другой сусветнай вайны камуністычны ўрад заснаваў Албанскі кінаінстытут у 1945 годзе, які стаў «Kinostudio Shqipëria e Re» у 1952 годзе. У 1953 годзе быў зняты першы албанскі эпічны фільм «Скандэрбег» пра нацыянальнага героя Албаніі, які быў зняты ў супрацоўніцтве з кінематаграфістамі СССР. Фільм атрымаў міжнародны прыз на Канскім фестывалі. Іншымі вядомымі стужкамі таго перыяду сталі «Яе сыны» і «Тана». Апошні стаў першым поўнаметражным албанскім фільмам, а таксама фільмам з першай сцэнай пацалунка ў гісторыі албанскага кінематографа.
У 1960-я гады асноўнай тэмай албанскіх фільмаў была акупацыя Албаніі італьнскімі і нямецкімі войскамі ў часы Другой сусветнай вайны і барацьба за вызваленне. Стужкі мелі моцную станоўчую канатацыю ў бок камуністычных партызан і адмоўную — у адносінах да сілаў Балі Камбетар і разглядаліся ў якасці дзяржаўнай прапаганды. Вядомымі рэжысёрамі таго часу былі Дымітэр Анагносці, Віктар Гжыка, Гезім Эрэбера і Піра Мілкані.
У 1970-я гады ў выніку дзяржаўнай кампаніі культурнага і палітычнага ізаляцыянізму адбылося рэзкае скарачэнне імпартуемых фільмаў. Гэта прывяло да павелічэння вытворчасці кіно да 8–10 карцін у год да канца дзесяцігоддзя. Жанры таксама былі дыверсіфікаваны, уключаючы драматычныя фільмы, а таксама сямейныя і дзіцячыя стужкі. Сярод фільмаў, знятых у той перыяд, былі «Бені, які гуляе сам» рэжысёра Джанфісэ Кекі і камедыя «Капедані» рэжысёраў Фехмі Хашафі і Мухарэма Фейсы. Новымі рэжысёрамі таго часу былі Рыкард Лжаржа, Саймір Кумбара, Ібрагім Муцай, Крыстач Мірка і Эсат Мусліу. Акрамя таго, 1970-я гады былі адзначаны пачаткам здымкаў тэлевізійных фільмаў, такіх як «Udha e shkronjave» рэжысёра В. Прыфці.
Сярод фільмаў, знятых у 1980-х гадах, былі «Твар да твару» і «Цёплая рука» рэжысёра Куйтыма Кашку, «Вялікі сезон світанкаў» рэжысёра Альберта Мінгі, «Дыстанцыя часу» рэжысёра Спартака Пекані і «Скрыпічныя струны» рэжысёра Бухара Капешыу.
У 1970-х і 1980-х гадах было знята 20–40 дакументальных фільмаў, якія разглядаюцца як культурныя элементы, а таксама прапагандысцкія стужкі. У гэты перыяд адбылося нараджэнне анімацыйных албанскіх фільмаў, першым з якіх быў «Зана і Міры» рэжысёры Улаша Драбаніку. У Албаніі стваралася каля 16 анімацыйных фільмаў у год.
Усе гэтыя кінематаграфічныя творы сталі вынікам намаганняў «Kinostudio», розных рэжысёраў, пісьменнікаў, кампазітараў і акцёраў, а таксама ўплыву з боку дзяржавы, якая сфармавала цэлую індустрыю. Да 1990 года ў краіне было выраблена каля 200 фільмаў.
Да канца 1980-х гадоў у Албаніі налічвалася каля 450 кінатэатраў. Тым не менш, вялікая частка абсталявання была састарэлай.
У 1990-х гадах, пераход да дэмакратычнай формы дзяржаўнага ладу прывёў да вялікіх змен у албанскім кінематографе. «Kinostudio Shqipëria e Re» распалася на шэраг дробных прыватных студый, дзе фільмы здымалі албанскія рэжысёры, а таксама замежныя, сумесна з новым «Нацыянальным цэнтрам кінематаграфіі» (Qendra Kombëtare е Kinematografisë). Нягледзячы на выраб новых фільмаў, многія албанцы атрымліваюць асалоду ад фільмаў камуністычнага перыяду, якія паказваюцца ў розных прыватных кінатэатрах. Прапагандысцкія элементы гэтых карцін успрымаюцца хутчэй з гумарам, чым з гневам.
Сярод албанскіх фільмаў апошніх гадоў найбольшай папулярнасцю карыстаюцца такія стужкі як «Палкоўнік Бункер», «Слоганы», «Тырана, нулявы год» і іншыя.
У канцы 1990-х гадоў у Албаніі быў пабудаваны шэраг сучасных кінатэатраў (як, напрыклад, «Міленіум» у Тыране), дзе дэманструюцца ў асноўным заходнія (пераважна амерыканскія) фільмы.