Ламахолат

Ламахолат
(Ata Kiwan)
Фота мужчын-ламахолат з усходняга Флорэса (дата невядома)
Агульная колькасць 257 тыс. чал. (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Інданезія
Мова ламахолат
Рэлігія іслам, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы сіка, палуэ

Ламахолат (індан.: Lamaholot, саманазва: Ata Kiwan) — аўстранезійскі народ, карэнныя насельнікі Малых Зондскіх астравоў. Кампактна жывуць пераважна на востраве Салор і на ўсходзе вострава Флорэс. Агульная колькасць (2022 г.) — 257 тысяч чалавек[1].

Ламахалот — нашчадкі старажытных аўстранезійцаў, якія трапілі на Малыя Зондскія астравы каля 3200 — 2600 гадоў таму. На працягу доўгатэрміновага існавання яны мелі сталыя кантакты з носьбітамі папуаскіх моў, што насяляюць суседнія астравы Алор. Найбольш распаўсюджаная саманазва — Ata Kiwan («астравіцяне»). У еўрапейскіх мовах яны доўгі час вызначаліся як «салорцы» (нідэрл.: Solorese). Назва ламахолат пачала ўжывацца спярша ў акадэмічнай літаратуры толькі ў першай палове XX ст.

Галоўным заняткам ламахалот здаўна было ляднае земляробства. Вырошчвалі рыс, бавоўну, бабовыя, для камерцыйных патрэб — садавіну і какосавыя пальмы. У нашы дні важная роля ў забеспячэнні харчам належыць кукурузе і батату. Жывёлагадоўля мае дадатковае значэнне. Жыхары ўзбярэжжа ловяць рыбу, калісьці палявалі на кітоў і ламанцінаў. Традыцыйныя рамёствы: ганчарства, выраб фарбаваных тканін, суднабудаванне, апрацоўка металаў.

У мінулым будавалі ўмацаваныя вёскі на пагорках. Традыцыйнае жытло ўяўляла сабою бамбукавую хаціну на па́лях з высокім пальмавым дахам. Аднак з сярэдзіны XX ст. урад Інданезіі заахвочваў перасяленне ў буйныя вёскі з сучаснай архітэктурай. У выніку традыцыйныя паселішчы зніклі. Акрамя таго, моцна змянілася сацыяльныя адносіны і кіраванне.

Да пачатку XX ст. на ўсходзе Флорэса існавала дзяржаўнае ўтварэнне ламахолат з цэнтрам у мясцовасці Ларантука. Мясцовыя манархі спавядалі каталіцызм, а эканоміка знаходзілася ў руках партугальска-флорэскіх крэолаў ларантукейрас. Асноўнай сацыяльнай адзінкай па-за межамі дзяржаўнай юрыдыкі быў род. Багатыя роды валодалі сельскагаспадарчымі і ляснымі тэрыторыямі, астатнія знаходзіліся ў залежнасці ад іх. Калі багаты род губляў землеўладанне, то разам з ім — высокі сацыяльны статус. На ніжэйшай сацыяльнай ступені стаялі рабы. Вясковай абшчынай кіравалі 4 старасты з ясна акрэсленымі ўладнымі функцыямі. Фармальна яны былі выбранымі асобамі, але ў рэчаіснасці іх уладныя функцыі перадаваліся па спадчыне або надаваліся старшынёй рода-землеўладальніка. Старасты арганізоўвалі суд, супольныя абрады, расчыстку ляду, пераразмеркаванне палеткаў і г. д.

Пасля перасялення ў буйныя вёскі ўлада трапіла ў рукі афіцыйнай адміністрацыі, пашырылася прыватная маёмасць на зямельныя надзелы. Галоўнай сацыяльнай адзінкай стала сям'я. Шлюб сярод ламахолат заўсёды разглядаўся як ваенна-палітычны і эканамічны саюз, таму нявест шукалі ў іншых родах. Некаторае выключэнне складалі мусульмане, сярод якіх былі распаўсюджаны шлюбы са стрыечнымі сваякамі. Адлік сваяцтва вядзецца выключна па мужчынскай лініі.

Ламахолат славутыя вусным фальклорам, асабліва спевамі, прысвечанымі генеалагічным паданням, міфам, фантастычным прыгодам.

Родная мова ламахолат падзяляецца на 3 досіць адрозныя галіны — заходнюю, цэнтральную і ўсходнюю. Часам яны вызначаюцца як 3 самастойныя мовы. Заходняя галіна падзяляецца на шэраг дыялектаў.

Згодна рэканструкцыі этнолагаў, у далёкім мінулым ламахолат шанавалі пару багоў — мужчыну Lera Wulan, які атаесамляўся з Сонцам і Месяцам, і жанчыну Tana Ekan, што асацыявалася з зямлёю. У рэчаіснасці, перажыткі старых вераванняў распаўсюджаны ў форме шанавання духаў прыроды, камянёў, веры ў магію.

Відавочна, ламахолат пазнаёміліся з ісламам раней, чым з хрысціянствам у выніку кантактаў з ганлярамі з Сумбы і Сулавесі. У нашы дні іслам спавядае меней за 20% вернікаў. У XVI ст. пачалося распаўсюджванне каталіцызму, які паступова ператварыўся ў дамінуючае веравызнанне. Невялікая колькасць вернікаў — пратэстанты.

Зноскі