Ледавік Бросвель | |
---|---|
нарв. Bråsvellbreen | |
![]() Спадарожнікавы здымак Паўночна-Усходняй Зямлі з добра бачным языком ледавіка Бросвель, што спаўзае ў акіян на поўдзень ад вострава. | |
79°22′06″ пн. ш. 23°26′36″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Рэгіён | Шпіцберген |
Тып | вывадны ледавік |
Плошча | 1 160 км² |
Даўжыня | 45 км |
Ледавік Бро́свель (нарв.: Bråsvellbreen) — вывадны ледавік[1] на востраве Паўночна-Усходняя Зямля на нарвежскім архіпелагу Шпіцберген[2]. Гэты ледавік добра вядомы ў Арктыцы сваімі ўражлівымі вадаспадамі і ледавіковымі ручаямі[3]. Падвяргаецца ўзмоцненаму раставанню льдоў.
Ледавік мае даўжыню каля 45 кіламетраў і шырыню 20 кіламетраў[2], прыкладная плошча ледзяной паверхні — 1160 км²[4]. Бярэ свой пачатак ад ледзянога грэбня Сюрдомена (нарв.: Sørdomen) — паўднёвай траціны Аўстфоны (нарв.: Austfonna), асноўнай ледавіковай шапкі вострава[2]. У сваю чаргу, ледавік Бросвель займае 13 % агульнай паверхні Аўстфоны[3]. Упадае ж ледавік у воды праліва Эрыка Эрыксена, ля паўднёвага ўзбярэжжа вострава, які, затым, выходзіць у Баранцава мора[1]. На захад ад ледавіка знаходзіцца заліў Віба .
Надзвычайна высокія тэмпературы для Шпіцбергена, зафіксаваныя на 2022 год, указваюць на пацяпленне ў сярэднім на 5 °C у адносінах да сярэдняга значэння на перыяд 1981—2010 гадоў. Падобная хваля цяпла выклікае выключныя ўзроўні раставання ледзянога покрыва архіпелага, што, у прыватнасці, наглядна праяўляецца ў ледавіка Бросвель[5].
Так, яшчэ ў 1938 годзе, падчас экспедыцыі Нарвежскай службы па даследаванні Шпіцбергена і Паўночнага Ледавітага акіяна, было заўважана з’яўленне новага дзесяцікіламетровага языка ў моры, што ўтварыўся з прычыны рэзкага ледавіковага зруху[2][6]. Дзякуючы гэтай з’яве ледавік і мае сваю нарвежскую назву: Brå-svell-bre-en — «Ледавік рэзкага ўзняцця».