Мястэчка
| ||||||||||||||||||||||
Лейпалінгіс[1] (літ.: Leipalingis, славянізаваныя назвы — Лейпуны, Ляйпуны[2]) — мястэчка ў Літве, за 12 км на паўночны захад ад Друскінінкая, на рацы Пасярэйцы. Уваходзіць у склад Друскінінкайскага самакіравання Алітускага павета, цэнтр Лейпалінгіскай сянюніі. Насельніцтва 1552 чал. (2011).
Назва "Лейпалінгіс" ад пруска-яцвяжскай назвы дрэва ліпы — leipa (па-літоўску liepa), з тыповым пруска-яцвяжскім суфіксам -ing-. У элеменце Leipal- бачаць сувязь з літоўскім дыялектным liepalė "ліпка". Таму назву ўмоўна можна перадаць як "Ліпкавічы".
Першы пісьмовы ўспамін пра Лейпуны датуецца 1504 годам. У гэты час вёска ўваходзіла ў склад Гарадзенскага павета Троцкага ваяводства.
У XVI стагоддзі Лейпуны знаходзіліся ў валоданні Сапегаў, якія пабудавалі тут царкву (пазней — касцёл). Пасля Сапегаў мястэчка перайшло да Масальскіх, у канцы XVIII стагоддзя — да Плятэраў.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Лейпуны апынуліся ў складзе Прусіі, у 1807 годзе згодна з Тыльзіцкім мірным дагаворам — у складзе Расійскай імперыі, у Сейненскім павеце Аўгустоўскай губерні.
У 1806—1826 гадах у Лейпунах збудавалі мураваны касцёл. У 1807 годзе тут пачала працаваць школа, у 1906 годзе — бібліятэка. На 1827 год у Лейпунах было 43 будынкі. У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе мястэчка занялі нямецкія войскі.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года Лейпуны апынуліся ў складзе Літвы. У часы Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 да 1944 года мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха.
У 1990-я гады ўлады Літвы ўключылі Лейпуны ў афіцыйны этнаграфічны рэгіён Дзукія.