Лейцыт

Лейцыт
уключэнні лейцыту ў горнай пародзе з Італіі
Формула K[AlSi2O6]
Сінгонія Тэтраганальная і кубічная
Колер Белы, бескаляровы
Колер рысы Белы
Бляск Шкляны
Празрыстасць Празрысты
Цвёрдасць 5,5
Спайнасць Недасканалая
Злом ракавісты, крохкі
Шчыльнасць 2,45 - 2,50 г/см³

Лейцыт (ад грэч. λευκος — светлы) — пародаўтваральны мінерал падкласа каркасных сілікатаў, K[AlSi2O6], або K2O·Al2O3·SiO2[1].

Мае ў сваім складзе 21,58 % K2, 23,4 % Al2O3, 55,02 % SiO2, дамешкі Na2O, CaO. Крышталізуецца ў кубічнай сінгоніі. Утварае крышталі і ўкрапіны ў пародзе. Крышталі бясколерныя, белыя, шэрыя або жаўтаватага колеру. Шчыльнасць 2,45—2,50 г/см³. Цвёрдасць 5—6 па шкале Моаса. Крохкі. Раствараецца ў салянай кіслаце з выпадзеннем асадку крэменязёму.

Сустракаецца ў эфузіўных і субвулканічных пародах, багатых на калій. Радовішчы ў Аўстраліі, Арменіі, Германіі, Італіі, ЗША, Расіі. На тэрыторыі Беларусі прысутнічае ў дэвонскіх шчолачных базальтоідах Прыпяцкага прагіну.

Пароды, утрымліваючыя лейцыт, выкарыстоўваюцца ў якасці сыравіны на выраб гліназёму, паташу, калійных угнаенняў. Таксама выкарыстоўваецца ў вытворчасці шкла.