Ле́кавыя расліны (лац.: plantae medicinalis), або зёлкі — шырокая група раслін, органы або часткі якіх з’яўляюцца сыравінай для атрымання сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў народнай, медыцынскай або ветэрынарнай практыцы з лячэбнымі або прафілактычнымі мэтамі.
Найбольш шырока лекавыя расліны прадстаўлены ў народнай медыцыне. Як лекавыя расліны у пачатку XXI стагоддзя шырока ўжываюць аер, алоэ, брусніцы, дзівасіл, святаяннік, календула, журавіны, маліна, падбел, мята, абляпіха, трыпутнік, рамонак, салодка, крываўнік, шыпшына і многія іншыя.
Станам на пачатак 2010 года па дадзеных Міжнароднага саюза аховы прыроды (IUCN), было апісана каля 320 тысяч відаў раслін, з іх толькі невялікая частка (21 тысяча відаў) актыўна выкарыстоўваецца ў медыцыне.