Лубін жоўты[3], Люпін (Lupinus luteus) — від кветкавых раслін сямейства Бабовыя (Fabaceae). Кармавая культура. Атрымаў шырокае распаўсюджанне ў сельскагаспадарчай вытворчасці розных краін. Ён лепш за іншых відаў расце на пясчаных і супясчаных глебах, а таксама мае высокую азотфіксуючую здольнасць. Акрамя таго, лубін жоўты — адна з нямногіх бабовых раслін, здольных паспяхова развівацца і фіксаваць азот на кіслых глебах.
Аднагадовыя травяністыя расліны каля 60 (80) см вышынёй. Сцёблы прамыя, тоўстыя, бароздавыя, пакрытыя рассеянымі, мяккімі, тонкімі валасінкамі. Лісце пальчастае, на доўгіх хвосціках. Лісточкі ў ліку 7-11 штук, звычайна 8-9 штук, да 6 см даўжыні, вузкія, даўгаватыя, коратка завостраныя, з доўгай, вузкай, выцягнутай асновай, бела валасістыя. Суквецце 15-30 см даўжынёй, верхавіннае, шматкветкавае, густое, коласападобнае, прамое. Кветкі з моцным прыемным водарам, кольчатыя, на вельмі кароткіх кветаножках, яркія, светла жоўтыя. Вяночак 1,3 см даўжыні, матыльковы. Цвіце ў чэрвені-ліпені.
У дзікім выглядзе распаўсюджаны ў прыбярэжнай зоне заходняй часткі Пірэнейскага паўвострава, Марока, Тунісе, Алжыры, на астравах Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, у Паўднёвай Італіі. У Ізраілі і Ліване хутчэй за ўсё здзічэў. Здаўна вырошчваецца ў Паўночнай Еўропе, Беларусі і Украіне, у меншым маштабе ў Заходняй Аўстраліі і Паўднёвай Афрыцы. У Паўднёвай Францыі і на востраве Мадэйра сустракаецца як здзічэлы.
Зноскі
- ↑ Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
- ↑ Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 8. — 160 с. — 2 350 экз.
- Kurlovich B.S. 2002. Lupins. Geography, classification, genetic resources and breeding, St. Petersburg, «Intan», 468p. http://personal.inet.fi/tiede/lupin/ Архівавана 15 кастрычніка 2016.
- Gladstones, J.S. 1998. Distribution, Origin, Taxonomy, History and Importance. In: J.S. Gladstones et al. (eds.), Lupin as Crop Plants. Biology, Production and Utilization, 1-39.
- Plants for a Future: PFAF treatment of Lupinus luteus
- USDA PLANTS: Profile for Lupinus luteus (European yellow lupine)
- Classification for Kingdom Plantae Down to Genus Lupinus «L».
- Lupinus luteus Israel Wildflowers