Луг

Луг у Хоэнау-ан-дэр-Марх

Луг — расліннае згуртаванне (біягеацэноз) шматгадовых траў, прыстасаваных да ўмоў сярэдняга ўвільгатнення.

Травы нармальна развіваюцца ўвесь перыяд вегетацыі, без летняга перапынку, характэрнага для стэпаў. Займаюць каля 150—200 млн га ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я (пераважна ў Еўропе) і ў Новай Зеландыі. Адрозніваюць мацерыковыя (сухадольныя лугі ўвільгатняюцца атмасфернымі ападкамі, нізінныя — атмасфернымі ападкамі і грунтавымі водамі), заліўныя (на тэрасах рачных далін) і горныя (таксама высакагорныя).

Агульная ўласцівасць лугоў — утварэнне травастою і дзярніны (паверхневы слой глебы з каранямі і карэнішчамі траў). Маса падземных органаў раслін у 3—5 і болей разоў перавышае масу надземных. Характэрны травастой — асаковыя, бабовыя, злакі (мятлюжкакветныя), разнатраўе.

Большасць прыродных лугоў узнікае на месцы былых лясоў, балот, там, дзе кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць шматгадовым травам, а не дрэвам і кустам. Прыродныя лугі — важная крыніца каштоўных кармавых, харчовых, лекавых, меданосных, тэхнічных раслін, рэзерват генетычнага фонду траў. Штучныя (сеяныя) лугі ўзнікаюць у выніку дзейнасці чалавека (напрыклад, арашэнне стэпаў). Для павышэння прадукцыйнасці іх акультурваюць (ачышчаюць ад кустоў, падразаюць купіны, уносяць угнаенні і інш.). Выкарыстоўваюцца як сенажаці і пашы.

  • Пярэднеў У. П. Луг // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 355. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
  • Сцепановіч І. М. Сінтаксанамія і сіндынаміка лугавой расліннасці Беларусі; Ін-т эксперым. батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН РБ. — Мн., 1999.
  • Сапегін Л. М. Лугазнаўства: Дапам. для студэнтаў / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель, 2002.
  • Сцепановіч І. М. Навукова-метадычныя асновы маніторынгу лугавой і лугава-балотнай расліннасці Беларусі / І. М. Сцепановіч, А. Ф. Сцепановіч; навуковы рэд. В. І. Парфёнаў; Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН РБ. — Мн., 2013.