Лука Брэсэль
нідэрл.: Luca Brecel | |
Дата нараджэння: | 8 сакавіка 1995 (29 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэння: | Дзільсан-Стокем, Бельгія |
Грамадзянства: | Бельгія |
Вядучая рука: | правая |
Прафесійная кар’ера: | 2011—... |
Найвышэйшы рэйтынг: | 9 (ліпень 2022) |
Лука Брэсэль (нідэрл.: Luca Brecel; нар. 8 сакавіка 1995, Дзільсан-Стокем, Бельгія) — бельгійскі прафесійны гулец у снукер. Пераможца чэмпіянату Кітая 2017 года, іншых прафесійных турніраў. З 2016 года ўваходзіць у топ-32, а з 2017 — у топ-16 сусветнага рэйтынгу. Чэмпіён свету па снукеры (2023).
У 2009 годзе стаў самым маладым чэмпіёнам Еўропы сярод гульцоў да 19 гадоў, а ў сезоне 2010/2011 пачаў выступаць на турнірах серыі PTC і атрымаў уайлдкард на турнір German Masters, дэбютаваўшы на рэйтынгавым турніры. У наступным сезоне далучыўся да прафесіяналаў ва ўзросце 16 гадоў, але прайшоў кваліфікацыю рэйтынгавага спаборніцтва толькі на чэмпіянаце свету 2012 года, выйграўшы чатыры адборачныя матчы, стаў самым маладым удзельнікам асноўнай стадыі чэмпіянату свету ў 17 гадоў. У канцы 2012 года дайшоў да свайго першага чвэрцьфіналу на чэмпіянаце Вялікабрытаніі, другога па значнасці рэйтынгавага спаборніцтва, а па выніках сезона 2013/2014 упершыню патрапіў у топ-64 снукерыстаў свету. У сезоне 2014/2015 упершыню дайшоў да паўфіналу рэйтынгавага турніру на адкрытым чэмпіянаце Уэльса, а ў 2016 годзе выйшаў у фінал German Masters, дзе саступіў Мартыну Гоўлду (5:9), і ўвайшоў у топ-32 сусветнага рэйтынгу. У сезоне 2016/2017 у другі раз выйшаў у чвэрцьфінал чэмпіянату Вялікабрытаніі і ў другі раз прабіўся ў асноўную стадыю чэмпіянату свету, а ў пачатку сезона 2017/2018 здабыў свой першы рэйтынгавы тытул, перамогшы на чэмпіянаце Кітая і стаўшы першым пераможцам рэйтынгавага спаборнцітва з кантынентальнай Еўропы, і ўпершыню ўвайшоў у топ-16 сусветнага рэйтынгу, а пазней дайшоў да чацвёртага ў кар’еры рэйтынгавага паўфіналу на World Open, падняўшыся на найвышэйшае для сябе 12-е месца ў рэйтынгу.
Апроч дасягненняў на рэйтынгавых турнірах, дайшоў да фіналу аднафрэймавага прафесійнага турніру Shoot-Out у 2015 годзе, а на турнірах серыі PTC тры разы даходзіў да чвэрцьфінальнай стадыі. За прафесійную кар’еру аформіў больш за 60 сэнчуры-брэйкаў і ўваходзіць у топ-90 гульцоў з найбольшай колькасцю соценных серый у гісторыі снукера, а таксама зарабіў больш за 400 тысяч фунтаў, уваходзячы ў топ-80 снукерыстаў у гісторыі па гэтым паказчыку. Найвышэйшым брэйкам у кар’еры Брэсэля з’яўляецца серыя ў 140 ачкоў, якую ён выконваў тры разы.
У 2023 годзе першым з снукерыстаў кантынентальнай Еўропы выйшаў у фінал чэмпіянату свету, дзе сустрэўся з англічанінам Маркам Сэлбі. 1 мая 2023 года Лука Брэсэль атрымаў перамогу з лікам 18:15 і выйграў тытул чэмпіёна свету.
№ | Вынік | Год | Турнір | Апанент у фінале | Лік |
---|---|---|---|---|---|
1 | Параза | 2016 | German Masters | Мартын Гоўлд | 5:9 |
2 | Перамога | 2017 | Чэмпіянат Кітая | Шон Мёрфі | 10:5 |
3 | Параза | 2021 | Чэмпіянат Вялікабрытаніі па снукеры | Чжаа Сіньтун | 5:10 |
4 | Перамога | 2021 | Чэмпіянат Шатландыі | Джон Хігінс | 9:5 |
5 | Перамога | 2022 | Ліга чэмпіёнаў | Лу Нін | 3:1 |
6 | Параза | 2022 | Чэмпіянат Англіі | Марк Сэлбі | 6:9 |
7 | Перамога | 2023 | Чэмпіянат свету | Марк Сэлбі | 18:15 |
Лука Брэсэль на Вікісховішчы |