Луканы (луканцы, лац.: Lucani) — адно са старажытнаіталійскіх самніцкіх плямёнаў. Да канца V стагоддзя да н.э. рассяліліся ў паўднёвай Італіі, даўшы назву гэтаму рэгіёну — Луканія. Размаўлялі на мове оскска-ўмбрскай групы.
У 343 г. да н.э. луканы вялі вайну супраць саюзнага спартанска-тарэнційскага войска пад начальствам Архідама III, які загінуў у бітве з імі, але ў 334 да н.э. былі разбіты іншым саюзнікам Тарэнта — эпіротамі. 200 луканаў дэзертыравалі да Аляксандра Малоскага і пад яго сцягамі разбілі сваіх супляменнікаў каля Песта. Трохі пазней войска новага спартанскага цара Клеоніма вымусіла луканаў заключыць мір з Тарэнтам і паставіць на чале свайго кіравання верных Самнію людзей, наўзамен луканы атрымалі Метапонт. У 298 да н.э. луканы вымушана перайшлі на бок рымлян, але пасля перамогі ў Трэцяй самніцкай вайне рымляне ў 285 да н.э. скасавалі саюзніцкі дагавор з імі з-за іх налётаў на шэраг грэчаскіх гарадоў, якія прасілі рымскага патранату. У адказ луканы, затрымаўшы рымскіх паслоў, выставілі моцнае войска і заключылі саюз з кельтамі, этрускамі і умбрамі. Пасля перамогі Піра пры Гераклеі луканы разам з самнітамі і бруціямі далучыліся да яго, але ў 272 да н.э. былі заваяваны рымлянамі і пасля гэтага часта паўставалі (на баку Ганібала ў 216-215 гг. (калі, паводле Палібія, яны маглі выставіць 30 тыс. пехацінцаў і 3 тыс. вершнікаў), у Саюзніцкай вайне 90/91-88 гг. да н.э.).
Большую частку арміі луканаў складала мабільная лёгкаўзброеная пяхота, якая звыклася дзейнічаць у горах і лясах, дзе звычайна арганізоўвалі засаду ці блакаду праціўніка ў вузкай даліне, як у вайне з эпіротамі. Па магчымасці армія акружала праціўніка, пазбягаючы прамога сутыкнення, і закідвала яго дроцікамі, разграміўшы такім чынам некалькі грэчаскіх армій. Баявым луканскім штандарам быў бронзавы бык на дрэўку.