Лукас Кранах Старэйшы | |
---|---|
ням.: Lucas Cranach der Ältere | |
| |
Дата нараджэння | 4 кастрычніка 1472 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 16 кастрычніка 1553 (81 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Бацька | Hans Maler[d][4] або Hans Sunder[d][3] |
Маці | Barbara Hübner[d][4] |
Жонка | Barbara Brengbier[d] |
Дзеці | Ганс Кранах і Лукас Кранах Малодшы |
Род дзейнасці | мастак, мастак-гравёр, графік, архітэктурны чарцёжнік, дызайнер, дзеяч мастацтваў, рысавальнік, гравёр па медзі, фармацэўт, выдавец |
Жанр | нямецкі жывапісец і графік эпохі Рэнесансу |
Мастацкі кірунак | нямецкае Адраджэнне[d][6] |
Уплыў на | Ганс Брозамер |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Лукас Кранах Старэйшы (ням.: Lucas Cranach der Ältere; 4 кастрычніка 1472, Кронах, Верхняя Франконія — 16 кастрычніка 1553, Веймар) — нямецкі жывапісец і графік эпохі Рэнесансу, майстар жывапісных і графічных партрэтаў, жанравых і біблейскіх кампазіцый, сінтэзаваў у сваёй творчасці гатычныя традыцыі з мастацкімі прынцыпамі Адраджэння. Адзін з заснавальнікаў «дунайскай школы »; выпрацаваў вытанчаны стыль з гарманічным злучэннем фігур і пейзажу. Прыдворны жывапісец саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вітэнбергу (1505—1550), кіраўнік буйной майстэрні, прыхільнік ідэй Рэфармацыі і сябар Лютара.
Лукас Кранах нарадзіўся ў Кронахе, Верхняя Франконія. Дату яго нараджэння і прозвішча бацькі, які працаваў у Кронахе мастаком, даследчыкам вызначыць не ўдаецца. З нараджэння Кранах насіў прозвішча Зюндэр (іншыя варыянты вымаўлення — Зундэр, Зондэр), пасля стаў называцца Лукасам і ўзяў у якасці прозвішча назву роднага мястэчка, якая гучала тады як Кранах. Як мяркуецца, выяўленчаму мастацтву Кранах першапачаткова вучыўся ў свайго бацькі.
З ранняга юнацтва ён вандраваў па Германіі ў пошуках прызвання. У 1493 годзе малады чалавек адправіўся на Святую зямлю — у Палестыну. У 1501 годзе мастак прыехаў у Вену, дзе прабыў да 1504. Менавіта да Венскага перыяду адносяцца яго першыя вядомыя карціны, падпісаныя «Лукас Кранах». Затым ён паступіў на службу да саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага. У 1508 Кранаху было падаравана дваранства і ў тым жа годзе ён пабываў у Нідэрландах. Ён узначальваў мастацкую майстэрню, у якой было больш за дзесяць памочнікаў, выдаваў кнігі, сумяшчаючы гэтыя заняткі з кніжным гандлем. Паступова мастак стаў самым багатым бюргерам Вітэнберга, неаднаразова абіраўся бургамістрам горада.
Рана набыў вядомасць як аўтар гравюр, партрэтаў, алтарных кампазіцый, выяў на міфалагічныя тэмы. Рэнесансныя прынцыпы мастак спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў двух кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэтычным успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асноўным сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вялікай ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу.
У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль Л. Кранаха, у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Для манеры мастака характэрны амаль супрацьлеглыя якасці: мяккасць, лірызм, тонкія колеравыя спалучэнні, але і напружанасць, дынамізм кампазіцыйнай пабудовы, кантраснасць фарбаў.
Гуманістычныя ідэалы рэнесанснага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары Св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М. Лютэрам абумовіла з'яўленне ў творчасці Л. Кранаха работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некаторых творах антычнай і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьянскага і нідэрландскага мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць Л. Кранаха паўплывала на развіццё бытавога жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М. Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І. Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515). Ілюстрацыі да малітоўніха імператара Максіміляна (1515) і інш.
У сваіх работах майстар імкнуўся ўвасобіць рэнесансную мару аб ідэальна прыгожым чалавеку. Аднаку выявах «Укрыжаванне» (1503), «Адпачынак па дарозе ў Егіпет» (1504), «Венера і Амур» (1509), у некаторых партрэтах у падкрэслена хрупкіх, выцягнутых фігурах, вытанчанасці жывапіснай манеры бачны рысы заняпаду, якія сведчаць аб завяршэнні нямецкага Адраджэння.