Луізіянская купля (англ.: Louisiana Purchase) — гэта транзакцыя па набыццю ЗША французскіх калоній у Паўночнай Амерыцы ў 1803 г. Па дагавору ЗША аддалі 15 млн дол., без уліку працэнтаў за тэрыторыю памерам 2100 тыс. кв. км. Пазней гэтыя ж землі ЗША паўторна выкупалі ў індзейцаў.
Луізіянская калонія была заснавана ў XVI ст. французамі і названа ў гонар караля Людовіка XIV. У 1762 г. Луізіяна перайшла пад кантроль Іспаніі. У 1800 г. Іспанія вярнула Францыі Луізіяну, але канчаткова іспанская адміністрацыя пакінула яе толькі ў 1803 г.
Францыя пачатку XIX ст. вяла пастаянныя войны ў Еўропе і Міжземнамор’і. Акрамя таго з 1802 г. пачаліся паўстанні ў французскіх калоніях Гвадэлупе і Сан-Дамініцы. Каб кантраляваць Луізіяну не хапала салдат. Таму Напалеон вырашыў адмовіцца ад ідэі стварэння французскай каланіяльнай імперыі ў Амерыцы.
11 красавіка 1803 г. Напалеон даў дазвол на продаж усёй Луізіянскай калоніі. Першапачаткова амерыканцаў цікавіў толькі партовы горад Новы Арлеан, але яны згадзіліся на куплю ўсёй калоніі за 15 млн дол аблігацыямі, якія пазней былі абменены на франкі. Дагавор куплі продажу быў складзены «ў Парыжы ў дзясяты дзень месяца фларэаля адзінаццатага года Французскай рэспублікі або 30 красавіка 1803 г.» згодна апошняму (10-му) артыкулу[1][2]. Таксама Дагавор даваў французскай арміі тры месяцы, каб пакінуць калонію. Але канчаткова Луізіяна перайшла пад амерыканскі кантроль бліжэй да канца 1803 г.
Варта памятаць што Луізіянская калонія значна выходзіла за межы сучаснага штата Луізіяна. Яна ахоплівала землі, якія цяпер уваходзяць у 15 штатаў ЗША, і на поўначы заходзіла за межы рэк Рэд Рывер, Мілк Рывер і Поплар Рывэр, (цяпер землі за гэтымі рэкамі належаць Канадзе і да зямлі Руперта, на поўдні мяжой было вусце ракі Місісіпі (але паўднёвая мяжа не была вызначана дагаворам з Францыяй, што стала прычынай тэрытарыяльных спрэчак з Іспаніяй, за землі Заходняй Фларыды), заходняй мяжой сталі Скалістыя горы і Амерыканскі кантынентальны водараздзел, а ўсходняй мяжой была рака Місісіпі. З 1 кастрычніка 1804 г. тэрыторыя Луізіяны была ператворана ў Арлеанскую акругу, якая з цягам часу была падзелена паміж рознымі штатамі і дзвюма правінцыямі Канады.