Ляўка́с (грэч. λευκός белы, светлы, ясны) — у іканапісе назва грунта, які ўяўляе собой крэйду, размешаную на жывёльным або рыбіным клеі з даданнем ільнянога алею[1].
Наносіцца некалькімі пластамі на спецыяльна падрыхтаваную дошку. Пры гэтым, захаванасць ляўкасу тым лепш, чым танчэй і раўнамерней наносяцца пласты. Пасля сушкі шліфуецца. У старажытны час ляўкас шліфавалі сцебламі хвашчу; сучасныя іканапісцы выкарыстоўваюць для гэтай мэты наждачную паперу.
У сценапісе ляўкас — верхні слой тынку, грунт пад тэмперу, прыгатаваны з гашанай вапны з напаўняльнікам.
У дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве ляўкасам таксама называюць сінтэтычны матэрыял, які выкарыстоўваецца пры вырабе багета — грунт на драўляных вырабах пад афарбоўку ці пазалоту.
У будаўніцтве ляўкас часта ўжываецца пры высакаякасным аздабленні сцен.
У беларускім старажытным мастацтве ляўкас меў асаблівае значэнне ў іканапісе ў сувязі з традыцыяй упрыгожваць фоны і іншыя дэталі абразоў разным або аграфлёным арнаментам. Пашыраны ў культавай скульптуры, манументальна-дэкаратыўным і дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве. У беларускім савецкім выяўленчым мастацтве ляўкас выкарыстоўваўся ў манументальным (размалёўкі «Беларускія народныя майстры» ў будынку Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і роспіс плафона «Дружба народаў» у Тэатры юнага гледача ў Мінску (Іван Ахрэмчык, Iсак Давідовіч, 1955) і станковым жывапісе («Светлы дзень» Уладзіміра Зінкевіча, «Лета» В. Барабандава, «Птушкі» У. Піменава. «Янка Купала» А. Малярэвіча і інш.), а таксама спалучалі жывапіс з разьбой па ляўкасе («Свята ўраджаю» і трыпціх «Сейбіты» В. Ціханава і інш.).