Ліга Еўропы УЕФА

Ліга Еўропы УЕФА (англ.: UEFA Europa League) — штогадовы еўрапейскі футбольны кубкавы турнір, які праводзіцца пад эгідай УЕФА; другі па значнасці пасля Лігі чэмпіёнаў. Турнір быў заснаваны ў 1971 годзе, першапачатковая назва — Кубак кірмашоў (англ.: Inter-Cities Fairs Cup), потым — Кубак УЕФА (англ.: UEFA Cup). З сезона 2009/10 кубак змяніў фармат і назву, і стаў звацца Ліга Еўропы.

Фармат турніру (пачынаючы з сезона 2009/10): 4 кваліфікацыйныя раўнды (чацвёрты раўнд кваліфікацыі афіцыйна называецца раўнд плэй-оф), групавы турнір і плэй-оф (пачынаючы з 1/16 фіналу). Усе раўнды кваліфікацыі і плэй-оф (за выключэннем фіналу) складаюцца з двух матчаў. Фінал складаецца з аднаго матча на выбраным загадзя полі. Фармат быў скарэктаваны з сезона 2021/22, калі з’явілася Ліга канферэнцый: была скарочана колькасць раўндаў і ўдзельнікаў у кваліфікацыі; на групавым этапе замест 12 груп засталося 8; замест 1/16 фіналу сталі праводзіць дадатковы раўнд плэй-оф паміж камандамі, якія занялі 2-е месца ў групах Лігі Еўропы і 3-е месца ў групах Лігі чэмпіёнаў (пераможцы груп Лігі Еўропы адразу трапляюць у 1/8 фіналу).

У лізе маюць права ўдзельнічаць уладальнікі кубкаў краін, якія займаюць першыя 17 радкоў табліцы каэфіцыентаў УЕФА; каманды, якія выбываюць з Лігі чэмпіёнаў пачынаючы з другога кваліфікацыйнага раўнда; каманды, якія занялі адпаведныя месцы ў сваіх чэмпіянатах (для першых пяці краін паводле табліцы каэфіцыентаў УЕФА, пачынаюць адразу з групавога раўнда). У залежнасці ад месца іх краіны ў табліцы каэфіцыентаў УЕФА каманды пачынаюць барацьбу з таго ці іншага раўнда кваліфікацыі. Каманды, якія прайшлі кваліфікацыю Лігі Еўропы, выбылі на адпаведным раўндзе Лігі чэмпіёнаў, а таксама якія занялі адпаведныя месцы ў чэмпіянатах першых пяці краін паводле табліцы каэфіцыентаў УЕФА, гуляюць у групавым турніры (8 груп па 4 каманды, якія гуляюць паміж сабою ў два кругі). Па дзве найлепшыя каманды з кожнай групы, а таксама 8 клубаў, якія занялі трэцяе месца ў сваіх групах групавога этапа Лігі чэмпіёнаў, выходзяць у плэй-оф Лігі Еўропы.

Пачынаючы з сезона 2015/16, пераможца Лігі Еўропы атрымоўвае месца ў Лізе чэмпіёнаў наступнага сезона.

Найбольшую колькасць разоў (сем) турнір выйгравала іспанская «Севілья», якая таксама з’яўляецца дзейным пераможцам.