Лімфа

Лімфатычная сістэма чалавека

Лімфа (ад лац. Lympha — чыстая вада, вільгаць) — разнавіднасць злучальнай тканкі, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае абмен рэчываў паміж тканкамі і крывёю арганізма. Нашча амаль празрыстая, пасля прыёму ежы белая, непразрыстая, падобная да малака, з вялікай колькасцю неэмульгаванага тлушчу. Утвараецца фільтрацыяй плазмы крыві праз сценкі сасудзістых капіляраў у міжтканкавыя прасторы (тканкавая вадкасць). Мае ў сабе да 90 % лімфацытаў, бялкі, гармоны, ліпіды, метабаліты, ферменты і інш. Удзельная вага — 1,017 — 1,026; pH 7,4 — 9. Згусае не так хутка, як кроў (за 10 — 15 хвілін). У арганізме чалавека змяшчаецца 1-2 літра лімфы.

Функцыі лімфы — вяртанне бялкоў, вады, соляў, таксінаў і метабалітаў з тканак ў кроў. Лімфатычная сістэма ўдзельнічае ў стварэнні імунітэту, у абароне ад хваробатворных мікробаў. Па лімфатычных сасудах пры абязводжванні і агульным зніжэнні ахоўных сіл імунітэту магчыма распаўсюджванне паразітаў: найпрасцейшых, бактэрый, вірусаў, грыбкоў і іншых, што называюць лімфагенным шляхам распаўсюджвання інфекцыі, інвазіі або метастазіравання.