Лінейныя караблі тыпу «Нэльсан» | |
---|---|
Nelson-class battleship | |
Праект | |
Краіна | |
Наступны тып | «Кінг Джордж V» |
Гады ў страі | 1927—1947 |
Пабудавана | 2 |
Адпраўлена на злом | 2 |
Асноўныя характарыстыкі | |
Водазмяшчэнне |
Стандартнае — 33 300 т, поўнае — 37 780 т |
Даўжыня | 201,3/216,6 м |
Шырыня | 32,3 м |
Асадка | 8,6 м |
Браніраванне |
Пояс — 330…356 мм; насавыя траверзы — 305…203 мм; кармавыя траверзы — 254…102 мм; палуба — 159…95 мм; вежы ГК — 406 мм (лоб), 280—229 мм (борт і тыл), 184 мм (дах); барбеты веж ГК — 381…305 мм; вежы сярэдняга калібра — 38…25 мм, барбеты — 25 мм; рубка — 356…254 мм, дах — 165 мм |
Рухавікі | 2 ТЗА Brown Curtis |
Магутнасць | 45 000 к.с. |
Хуткасць ходу | 23 вузлы |
Далёкасць плавання | 7000 марскіх міль на 16 вузлах |
Экіпаж | 1314 чалавек |
Узбраенне | |
Артылерыя |
3 × 3 — 406-мм/45, 6 × 2 — 152-мм/50 |
Зенітная артылерыя |
6 × 1 — 120-мм/40, 2 × 8 (3 × 8 — «Родні») — 40-мм/40, 2 × 4 — 12,7-мм кулямёты |
Мінна-тарпеднае ўзбраенне | 2 × 1 — 622-мм тарпедныя апараты |
Авіяцыйная група |
1 катапульта, 1 гідрасамалёт (толькі «Родні»)[заўв 1] |
Лінейныя караблі тыпу «Нэльсан» — тып лінкараў Каралеўскага ваенна-марскога флоту Вялікабрытаніі часоў Другой сусветнай вайны. Усяго для брытанскага флоту пабудаваны 2 караблі: «Нэльсан» (англ.: Nelson) і «Родні» (англ.: Rodney).
«Нэльсаны» сталі першымі «вашынгтонскімі лінкарамі». Паводле вашынгтонскага марскога пагаднення Вялікабрытанія атрымала права пабудаваць два лінкары з гарматамі калібрам да 406 мм і стандартным водазмяшчэннем да 35 560 т. Фармальна «Нэльсан» і «Родні» былі 23-вузлавой версіяй лінейных крэйсераў тыпу «G-3», ад будаўніцтва якіх Вялікабрытанія адмовілася паводле дагавора.
Лінкары атрымалі максімальна магчымае ўзбраенне, якое дазвалялася дагаворам, — дзевяць новых 406-мм гармат. Для гарматы была выбрана нехарактэрная для брытанскага флоту канцэпцыя «лёгкі снарад — высокая пачатковая хуткасць». У далейшым канцэпцыя была прызнана памылковай, паколькі пацягнула за сабой павышаны знос ствала і пагаршэнне трапнасці стральбы. Караблі праектаваліся з улікам вопыту Першай сусветнай вайны. Упершыню для брытанскіх дрэдноўтаў[заўв 2] іх браніраванне было выканана па схеме «ўсё або нічога». Новыя лінкары атрымалі добра абароненую цытадэль, але за яе межамі браніраванне было зведзена да мінімуму. Крытыкаваліся адсутнасць браніравання ў насавым ускрайку і недастатковае паглыбленне бранявога пояса. Тым не менш, у рамках адведзенага ліміту водазмяшчэння новыя лінкары атрымалі максімальна магчымую абарону. Канструктыўная падводная абарона была распрацавана з правядзеннем выпрабаванняў на доследных адсеках і вытрымлівала трапленне тарпеды з зарадам у 340 кг ТНТ.
152-мм гарматы сярэдняга калібра не былі ўніверсальнымі. Да пачатку Другой сусветнай вайны стала зразумела, што шасці ўсталяваных 120-мм гармат недастаткова. Замест неабходных чатырох зенітных гармат далёкага дзеяння ў кожным сектары стральбы, на некаторых сектарах маглі весці стральбу толькі тры і нават дзве гарматы. Правесці кардынальную мадэрнізацыю з заменай гармат і ўзмацненнем браніравання не паспелі. У гады вайны прыйшлося абмежавацца павелічэннем колькасці 40-мм і 20-мм зенітных аўтаматаў.
Нягледзячы на шэраг недахопаў і нізкую максімальную хуткасць, «Нэльсан» і «Родні» лічыліся наймацнейшымі брытанскімі лінкарамі перыяду Другой сусветнай вайны, па сукупнасці характарыстак пераўзыходзячы пазнейшыя лінкары тыпу «Кінг Джордж V». У гады вайны абодва лінкары прымалі актыўны ўдзел у баявых аперацыях. Так, «Родні» адыграў вырашальную ролю ў патапленні германскага лінкара «Бісмарк», які раней знішчыў гонар Каралеўскага флоту — лінейны крэйсер «Худ».
Развіццё авіяцыі паставіла пад пытанне існаванне буйных артылерыйскіх караблёў. Таму, улічваючы значную зношанасць, «Нэльсан» і «Родні» пасля заканчэння вайны былі выведзены ў рэзерв і спісаны.