Лінкруст (ад англійскага брэнда англ.: Lincrusta-Walton; назва якога была ўтворана ад лац.: linum (лён) і лац.: crusta (рэльеф), таксама лінкруста) — будаўнічы матэрыял (пакрыццё для сцен) з мыйнай гладкай або рэльефнай паверхняй. Пры вырабе лінкруста на шчыльную тканевую або папяровую аснову наносіцца тонкі пласт пластмасы з прыродных матэрыялаў (гель на аснове ільнянога алею) або алкідных смол з напаўняльнікамі (драўняная або коркавая мука). Матэрыял лёгка афарбоўваецца як алейнымі, так і водаэмульсійнымі фарбамі.
Матэрыял быў вынайдзены ў 1877 годзе ангельскай вынаходнікам і прадпрымальнікам Фрэдэрыкам Уолтанам (1834—1928), які таксама вынайшаў лінолеум. Першапачаткова прадукт называўся англ.: Linoleum Muralis, але пазней быў перайменаваны ў англ.: Lincrusta-Walton. Кампанія працягвае вырабляць матэрыял на заводзе ў Ланкашыры.
Спалучэнне лёгкасці пры фарбаванні, магчымасці глыбокага ціснення і зносаўстойлівасці адразу ж прыцягнула дэкаратараў Віктарыянскай эпохі. Матэрыял хутка атрымаў распаўсюджванне як недарагі заменнік ляпніны.
У другой палове XX стагоддзя лінкруст звычайна ўжываўся для аздаблення грамадскіх будынкаў, а таксама салонаў цягнікоў метро і карабельных кают. У другім выпадку лінкруст выкарыстоўваўся з самых першых савецкіх, серыйных вагонаў тыпу А і заканчваючы вагонамі тыпу Ем у 1971 годзе. Выкарыстанне лінкруста ў аздабленні рэзка скарацілася пасля распаўсюджання слаістых пластыкаў і мыйных шпалер. Лінкруст у цяперашні час ужываецца толькі пры рэстаўрацыі віктарыянскіх дамоў.
У лінкруста ёсць роднасны матэрыял, які носіць назву «анагліпта» (Anaglypta, ад греч. ana — ляпны, рэльефны і греч. glypta — камея). Яго вынайшаў Томас Палмер, што працаваў на Фрэдэрыка Уолтана ў якасці мэнэджэра яго салона продажаў. Першапачатковы склад анагліпты грунтаваўся на бавоўне і драўнянай масе, затым ён вырабляўся на папяровай аснове[1]. Матэрыял атрымаўся больш лёгкім і гнуткім, чым лінкруст.