Лістаеды (Chrysomelidae) — адно з найбуйнейшых сямействаў цвердакрылых насякомых, якое налічвае да 35 000 відаў, апісаных ў 2500 родах. Патэнцыйная колькасць відаў можа быць значна больш: да 50 або 60 тысяч відаў.
Даўжыня да 20 мм. Цела круглае, авальнае або цыліндрычнае. Афарбоўка пераважна яркая, з металічным бляскам, бывае з плямамі і палосамі. Вусікі найчасцей 11-членікавыя, нітка- або ружанцападобныя. Крылы добра развітыя. Ногі бегальныя.
Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, найбольш шматлікія ў тропіках. На тэрыторыі Беларусі больш за 300 відаў. Жывуць пераважна ў лясах, на лугах, балотах, па берагах вадаёмаў, некаторыя — пад вадой.
Кормяцца лісцем (адсюль назва). Характэрны палавы дымарфізм. Адкладваюць яйкі, ёсць яйцажывародныя. Лічынкі валікападобныя, укрытыя бародаўкамі або валаскамі, з развітымі груднымі нагамі, праходзяць 3—5 узростаў. Кукалка свабодная, радзей у кокане.
Большасць відаў — шкоднікі лясных, палявых, пладовых, агароднінных раслін. Найбольш вядомы каларадскі жук, зерневым злакам шкодзяць хлебныя[1] і агародныя блошкі[2], хлебныя п’явіцы (Oulema); буракам, лёну — бураковыя[3] і льняныя блошкі (Aphthona euphorbiae); дрэвам — таполевы (Chrysomela populi), дубовы, вярбовы лістаеды і інш. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біялагічныя барацьбы з пустазеллем.
Зноскі