Магаён | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | Паўночная Амерыка | |||
Лакалізацыя | ЗША, Мексіка | |||
Датаванне | 3 стагоддзе — 15 стагоддзе | |||
Носьбіты | індзейцы | |||
Тып гаспадаркі | земляробства | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Культура магаён (англ.: Mogollon culture, ісп.: La cultura Mogollón) — археалагічная культура Паўночнай Амерыкі. Існавала ў III — XV стст. н. э. на тэрыторыі паўднёвага захаду ЗША і паўночнага захаду Мексікі. Лічыцца адной з 3 «вялікіх» культур паўднёвага захаду Паўночнай Амерыкі поруч з культурамі анасазі і хахокам.
Культура магаён была вылучана ў 1936 г. амерыканскім археолагам Э. Хоры на аснове яго папярэдніх даследаванняў і названа па найменню горнага хрыбта ў Нью-Мексіка.
У нашы дні абмяркоўваюцца 2 асноўныя погляды на генезіс культуры магаён. Першы заснаваны на меркаванні, што яе носьбіты былі прамымі нашчадкамі людзей архаічнага перыяду і паступова сфарміравалі земляробчую гаспадарку дзякуючы дыфузнаму ўплыву з Месаамерыкі. Другі погляд скіраваны на магчымую міграцыю земляробаў з Месаамерыкі ў 4 тысячагоддзі да н. э. Большасць сучасных даследчыкаў лічаць, што папярэдніцай магаён з'яўлялася культура кочыс, таму дыскусіі аб генезісе перанесены на яе.
Не меней спрэчнае пытанне — этнічны склад насельніцтва магаён. Высоўваецца думка, што прамымі нашчадкамі прадстаўнікоў культуры могуць быць сучасныя індзейцы хопі і зуні. Але часцей абмяркоўваецца гіпотэза пра тое, што носьбіты магаён былі ў выніку асіміляваны пуэбла і апачы.
Традыцыйна даследчыкі абапіраюцца на перыядызацыю гісторыі магаён, прапанаваную ў 1955 г. амерыканскім археолагам Дж. Уітам на аснове вывучэння керамікі ў розных месцах раскопак:
У апошнія дзесяцігоддзі таксама выкарыстоўваецца храналогія адпаведна развіццю архітэктуры:
Да перыяду ранніх ямных жытлаў вобласць, якую займае магаён, была населена вандроўнымі плямёнамі, якія займаліся пераважна паляваннем і збіральніцтвам. Аднак яны былі знаёмы з сезонным ручным земляробствам на поймавых глебах. З III ст. адбылася інтэнсіфікацыя земляробства. Магаёнцы вырошчвалі кукурузу, фасолю, гарбузы, сланечнік, бавоўнік. Да VI ст. пераважалі малыя паселішчы з прымітыўнымі ямнымі пабудовамі, калі яміна накрывалася каркасным драўляным дахам.
З сярэдзіны VI ст. людзі пачалі перамяшчацца ў большыя па памерах вёскі, што будаваліся на ўзвышшах паабапал рэк. Усярэдзіне вёскі ўзводзілася вялікая ямная пабудова. Мяркуюць, яна мела сакральны характар або з'яўлялася абшчыннай адрынай. У гэты перыяд адбываецца першасны росквіт мясцовай керамікі.
Пасля 1000 г. асноўным тыпам паселішча сталі пуэбла. Іх будавалі на землях, прыдатных для сельскай гаспадаркі. У XII — XIII стст. магаёнцы таксама стваралі скальныя паселішчы са складанымі архітэктурнымі формамі. Яны з'яўляліся адначасова рэлігійнымі цэнтрамі і крэпасцямі. Апошнія сталі важнымі, паколькі ў рэгіёне з'явіліся чужыя мабільныя групы паляўнічых, хутчэй за ўсё атабаскі, продкі апачы.
У першай палове XV ст. адбыўся крызіс і заняпад культуры магаён. Яны маглі быць выкліканы засухай, якая пачалася з XIV ст., перанаселенасцю і экалагічнымі праблемамі, ваеннымі рэйдамі паляўнічых.