Малекулярная біялогія

Малекулярная біялогія — навука пра малекулярныя асновы жыццёвых з'яў. Вывучае структурна-функцыянальную арганізацыю генетычнага апарата клетак і механізмы рэалізацыі спадчыннай інфармацыі (малекулярная генетыка), малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння вірусаў з клеткамі (малекулярная вірусалогія), заканамернасці імунных рэакцый арганізма (малекулярная імуналогія), зменлівасць і спецыялізацыю клетак у антагенезе (малекулярная біялогія развіцця), а таксама структурную арганізацыю біямалекул, механізмы іх функцыявання і рэгуляцыі актыўнасці, сувязь паміж структурай і функцыяй, узаемадзеянне з іншымі малекуламі і інш.

Малекулярная біялогія ўзнікла ў сярэдзіне 20 стагоддзя на стыку генетыкі, біяфізікі, біяхіміі (вылучылася з апошняй), асновай яе стала раскрыццё Ф. Крыкам і Дж. Уотсанам прасторавай будовы ДНК (1953).

Вялікі ўклад у развіццё малекулярнай біялогіі зрабілі амерыканскія вучоныя К. Б. Анфінсен, С. Ачоа, Д. Балтымар, П. Берг, Д. Ледэрберг, Х. Г. Карана, А. Корнберг, М. Нірэнберг, Р. Холі, англійскі вучоны М. Перуц, швейцарскі вучоны В. Арбер, французскія вучоныя Ф. Жакоб, Ж. Мано і іншыя, савецкія вучоныя Ю. А. Аўчыннікаў  (руск.), А. А. Баеў  (руск.), А. М. Белазерскі, А. С. Спірын, М. М. Шамякін  (руск.), У. А. Энгельгарт  (руск.) і іншыя.

На Беларусі даследаванні па малекулярнай біялогіі вядуцца ў інстытутах Нацыянальнай АН Беларусі: эксперыментальнай батанікі, фотабіялогіі, генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, Цэнтральным батанічным садзе, БДУ, НДІ гематалогіі і пералівання крыві, НДІ эпідэміялогіі і паразіталогіі і інш.

Уклад у развіццё малекулярнай біялогіі зрабілі Ю. М. Астроўскі, А. А. Ахрэм, І. Дз. Валатоўскі, А. С. Вечар, С. В. Конеў, У. М. Рашэтнікаў, А. А. Шлык і іншыя.