Мальхама Тактыкал | |
---|---|
З'яўляецца часткай | Хаят Тахрыр аш-Шам |
Ідэалогія | джыхадзізм |
Этнічная прыналежнасць | чачэнцы, узбекі, таджыкі, арабы |
Рэлігійная прыналежнасць | іслам (сунізм) |
Лідары |
|
Актыўная ў | Сірыя |
Саюзнікі | Сірыйская апазіцыя |
Праціўнікі | Узброеныя сілы Сірыі, Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі, Ісламская дзяржава |
Колькасць членаў | 100—200+ |
Удзел у канфліктах | Грамадзянская вайна ў Сірыі |
Мальхама Тактыкал (англ.: Malhama Tactical) — інструктарская і ваенная арганізацыя, якая ўдзельнічае ў грамадзянскай вайне ў Сірыі, займаецца навучаннем навабранцаў сірыйскай апазіцыі. З’яўляецца складовай часткай групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» і супрацьстаіць тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» і рэжыму Башара Асада.
Утворана ў 2013 годзе узбекскім джыхадзістам, вядомым пад псеўданімам Абу Рофік[1], і дзейнічае ў правінцыях Ідліб і Алепа[2]. Цесна звязана з «Джабхат Фатх аш-Шам» і яе пераемніцай «Хаят Тахрыр аш-Шам», а таксама супрацоўнічае з «Аджнад аль-Каўказ» і «Ахрар аш-Шам» і іншымі групоўкамі ў Сірыі, якія ідэнтыфікуюць сябе з сірыйскай апазіцыяй і вядуць узброеную барацьбу з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава» і ўрадам Сірыі[2][3][4]. Група атрымала вядомасць у 2016—2017 гадах, калі аб ёй сталі пісаць розныя расійскія і замежныя інфармацыйныя выданні[2][5], у прыватнасці, у расійскіх СМІ яе называюць «ісламісцкай прыватнай ваеннай кампаніяй»[5][6][7]. Паводле другога лідара Абу Салмана Беларусі, група актыўна з 2013 года і з тых часоў ўдзельнічае ў баявых дзеяннях[8]. Адзначаецца, што яе байцы значна лепш падрыхтаваны, чым іншыя сірыйскія баевікі, і добра экіпіяваны[9].
У маі і ліпені 2017 года «Мальхама Тактыкал» праводзіла рэйды супраць урадавых сіл у заходняй правінцыі Алепа разам з «Аджнад аль-Каўказ»[10]. У лістападзе 2018 года «Мальхама Тактыкал» сумесна з «Хаят Тахрыр аш-Шам» правялі начны рэйд на расійска-сірыйскую базу, падчас якога былі забіты васемнаццаць урадавых салдат і сямёра расійскіх[11].
Паводле звестак газеты Al-Masdar News, яе заснавальнік Абу Рофік быў забіты ў выніку авіяўдару 7 лютага 2017 года[12]. Пасля забойства другога лідара Абу Салмана Беларусі, выхадца з Беларусі[13], арганізацыю ўзначаліў Алі аш-Шышані, ураджэнец Чачэнскай Рэспублікі, які ваяваў на баку сірыйскай апазіцыі з пачатку грамадзянскай вайны[14][15]. Паводле яго сцвярджэння, за гады існавання МТ праз яе падрыхтоўку прайшлі больш за пяць тысяч навабранцаў, уключаючы прадстаўнікоў элітных падраздзяленняў, у тым ліку атрада, вядомага як «Чырвоныя павязкі»[15].