Манго́льскія мо́вы — група моў мангольскіх народаў.
Мангольскія мовы — вынік развіцця дыялектаў некалі адзінай (да 16—17 ст.) мангольскай мовы. Яны падзяляюцца на: асноўныя — уласна мангольская мова, бурацкая мова, калмыцкая мова, і маргінальныя — магольская (у Афганістане), дагурская (у паўночна-ўсходнім Кітаі), мангорская, дунсянская, баааньская і шыраюгурская (у кітайскіх правінцыях Ганьсу і Цынхай).
Для асноўных мангольскіх моў у 13 — пачатку 20 ст. (калмыцкая мова да сярэдзіны 17 ст.) ужывалася адзіная старапісьмовая мангольская мова, якой працягваюць карыстацца ва Унутранай Манголіі (Кітай). Маргінальныя мовы трапілі пад уплыў іранскіх гаворак, тыбецкай і кітайскай моў.
У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі, сінгарманізм (у маргінальных мангольскіх мовах непаслядоўны); у марфалогіі — слабая дыферэнцыяцыя часцін мовы, адсутнасць граматычнай катэгорыі роду, шырокае ужыванне паслялогаў; у сінтаксісе — сталы парадак слоў.
З пачатку 13 ст. вядома мангольскае пісьмо. У 1920—40-х гг. асноўныя мангольскія мовы перайшлі на новыя алфавіты на аснове рускай графікі.