Мандала (санскр.: मण्डल — кола, дыск; тыб. དཀྱིལ་འཁོར, Вайлі dkyil 'khor; манг.: мандал) — адзін з асноўных будысцкіх сакральных сімвалаў, які адлюстроўваў мадэль светабудовы, галоўныя элементы Космасу. Звычайна ўяўляла сабой кола, на якім былі выяўлены схема Сусвету і будысцкія святыя. Найчасцей падзяляецца на 12 сегментаў (нідан). Прынцып мандалы закладзены ў аснову многіх твораў старажытнаіндыйскага і старажытнакітайскага мастацтва; па сістэме мандалы распрацоўвалася схема храмавага комплексу, алтара, план горада і да т.п. У Японіі быў вядомы самабытны жывапісны тып - т.зв. «пейзажная мандала», якая апявала прыгажосць свяшчэнных месцаў Японіі - вадаспадаў, рэк, гор, азёраў.