Марыя Радзевіч | |
---|---|
польск.: Maria Rodziewiczówna | |
![]() | |
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Žmogus, Mario, Weryho |
Дата нараджэння | 30 студзеня (11 лютага) 1863 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 6 лістапада 1944[1] (81 год) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Бацька | Генрык Радзевіч[d] |
Маці | Амелія з Куранецкіх[d] |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | раманіст, пісьменніца, празаік |
Кірунак | пазітывізм |
Мова твораў | польская |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Прэміі |
Eliza Orzeszkowa Award[d] (1934) |
Узнагароды | |
Подпіс |
![]() |
![]() |
Марыя Радзéвіч (Радзевічоўна) (польск.: Maria Rodziewiczówna; 30 студзеня (11 лютага) 1863[крыніца?], вёска Пянюга, Ваўкавыскі павет, Гродзенская губерня, Расійская імперыя ― 6 лістапада 1944, в. Жалязна, Скернявіцкі павет, Лодзінскае ваяводства, Польшча) ― польская пісьменніца, грамадская дзяячка, тэасафіня.
Нарадзілася ў шляхецкай сям’і ў 1863 годзе. Бацькі, Генрык Радзевіч і Амелія з Куранецкіх за дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863 года, якая выявілася ў захоўванні зброі, былі сасланы ў Сібір, а маёнтак канфіскаваны. Маці, як выключэнне, дазволілі гадаваць дзіця да 2 месяцаў, па іншай версіі — да 10 дзён, затым Марыю аддалі пад апеку сваякам. У 1871 годзе, пасля амністыі, бацькі вярнуліся з Сібіры і пасяліліся ў Варшаве, дзе аказаліся ў вельмі цяжкім матэрыяльным становішчы. Марыя пачала працаваць, давала прыватныя заняткі[2].
У 1875 годзе Генрык Радзевіч атрымаў у спадчыну маёнтак Грушава на Палессі ад свайго бяздзетнага брата Тэадора, што забяспечыла адносны дабрабыт сям’і[3].
Марыя вучылася ў Варшаве ў пансыянаце Кучынскай. У канцы 1876 годзе пачала вучыцца ў Язлоўцы, у пансыянаце ў манашак. Выхоўвалася ў рэлігійна-патрыятычнай атмасферы, што адбілася на ўсім яе жыцці. Пад уплывам настаяцельніцы Марцэліны Дароўскай стала пісаць вершы («Кветка лотасу»). Праз тры гады вярнулася ў сям’ю[4].
У 1881 годзе, пасля смерці бацькі, атрымала ў спадчыну маёнтак Грушава і паступова ўзяла кіраванне ім у свае рукі. У 1887 годзе фармальна стала гаспадыняй маёнтка[5].
У сярэдзіне 1890-х гадоў пісьменніца некаторы час жыла ў маёнтку ў саюзе з Гэленай Вейхерт, яе называюць першай буч у польскай літаратуры[6]. Марыя коратка стрыглася, апраналася па-мужчынску. Пасля яны пераехалі ў Варшаву, працягваючы гаспадарыць у Грушаве. Шмат падарожнічалі разам (Рым, Рыўера, Мюнхен, Швецыя, Нарвегія)[7].
У Варшаве Радзевіч працягвала ў зімовыя месяцы жыць з Гэленай Вейхерт, тым часам як у Грушаве ў 1919 годзе месца Вейхерт заняла іншая жанчына, прадстаўленая як далёкая сваячка і партнёрка пісьменніцы — Ядвіга Скірмунт. Гэтыя адносіны былі апісаны Ядвіга Скірмунт у мемуарах нямецкім словам Wahlverwandtschaft, што азначае «духоўнае сваяцтва» / «сваяцтва па выбары»[8]. Іх аб’ядноўвала і агульная праца над польскім нацыянальным адраджэннем на Палессі. Праз тое, што часта жыла ў ізаляцыі ў палескім маёнтку атрымала мянушку «зубр у спадніцы»[9].
У 1905 годзе пачала актыўную грамадскую дзейнасць, бо сацыяльная напружанасць, беднасць працоўных вельмі траўмавалі яе. У 1906 годзе заснавала жаночае таемнае таварыства «Унія». Унесла ўклад у адкрыццё прадуктовай крамы ў Варшаве і крамы народных тавараў. У час Першай сусветнай вайны ў Варшаве ўдзельнічала ў арганізацыі ваеннага шпіталя, а таксама дапамагала ў арганізацыі танных кухняў для інтэлігенцыі і брацкай акадэмічнай дапамогі. У 1915 годзе ненадоўга вярнулася ў Грушава, клапацілася пра бежанцаў[10].
Была сяброўкай Варшаўскага тэасафічнага таварыства[11].
У кастрычніку 1939 годзе збегла з Грушава, занятага Чырвонай Арміяй. Яе дом быў разрабаваны, а бібліятэка спалена. Некаторы час разам з Ядвігай Скірмунт знаходзілася ў перасыльным лагеры ў Лодзі, клапацілася пра сулагернікаў і заслужыла іх любоў. Апошнія гады жыла ў Варшаве, у беднасці. Падчас Варшаўскага паўстання яе апекавалі сябры і паўстанцы[12].
Увосень 1944 года памерла ад пнеўманіі. Пахавана на Паванзкоўскіх могілках у Варшаве[13].
Першыя літаратурныя навелы «Гама пачуццяў» і «З блакноту рэпарцёра» Марыя Радзевіч апублікавала пад псеўданімам Mario ў адным з польскіх часопісаў. А ў 1884 годзе пад гэтым псеўданімам пісьменніца друкуе апавяданні «Язон Баброўскі» і «Farsa pany»[14].
Сапраўдная папулярнасць да Марыі Радзевіч прыйшла пасля перамогі ў літаратурным конкурсе часопісу «Swit», дзе яна апублікавала сваю аповесць «Страшны дзядуня», якая была надрукавана на старонках львоўскага «Dzienika Lwowskego», а затым у кніжным выдавецтве ў Варшаве. Аповесць выйшла з друку, калі аўтарцы было дваццаць гадоў. Нягледзячы на некаторую наіўнасць, надуманасць сітуацый, аповесць прываблівала тады чытачоў сваёй навізной і шчырасцю. Здзіўляла багаццем фантазіі маладой пісьменніцы, яе ўменне трымаць у напружанасці чытачоў, заінтрыгаваць іх, арганічна ўвесці ў твор элемент таямнічасці[15].
Аўтар рэалістычных раманаў з сентыменталісцкай, псіхалагічнай і этычнай тэндэнцыяй у жыцці ўсходнепольскай шляхты і інтэлігенцыі ў XIX і XX стагоддзях. Спявачка этасу польскай шляхты Крэсаў. Яе творы часта ідэалізавалі вясковае жыццё ў лясной глушы і палескае сялянства[16].
Апублікавала каля 30 кніг; за прадукцыйнасць яе празвалі «Сянкевіч у спадніцы»[17].
Паводле яе твораў быў зняты шэраг кінафільмаў: «Фларыян» (1938), «Верас» (1938) і «Паміж вуснамі і краем келіха» (1987), серыял «Лета лясных людзей» (1985)[18].
Жыццё пісьменніцы звязана з Беларуссю. Спачатку з Зэльвеншчынай, дзе яна нарадзілася, потым з Палессем. Большую частку жыцця пісьменніца правяла ў маёнтку Грушава Кобрынскага павета, дзе пісала свае творы, якія друкаваліся ў Варшаве[19].
У многіх творах закранала беларускую тэматыку, апісвала жыццё вяскоўцаў, а таксама хараство беларускай прыроды, заўсёды спачувальна ставілася да беларускага сялянства[20].
Кнігі Марыі Радзевіч у перакладзе на беларускую мову ў Беларусі не выдаваліся[21].
Недатаваныя творы