Марыяне́тачная дзяржа́ва, або марыянеткавая дзяржава — ацэначнае паняцце для дзяржавы, якая праводзіць палітыку, у значнай ступені дыктаваную іншай дзяржавай, але застаецца намінальна незалежнай (суверэннай). Статус, ступень самастойнасці і паўнаты суверэнітэту дзяржаў, да якіх ужываюць паняцце «марыянеткавая дзяржава», можа быць вельмі розным. У адрозненне ад паўнапраўных саюзнікаў, якія дзейнічаюць узгоднена на добраахвотнай аснове паводле заключаных дагавораў, марыянетачныя дзяржавы вымушаны толькі юрыдычна зацвярджаць пэўныя дзеянні ўжо прынятыя іншай дзяржавай. Міжнароднае права не прызнае акупаваныя марыянетачныя дзяржавы легітымнымі.
Урад нацыянальнага выратавання (1941—1944) — калабарацыянісцкі ўрад, які існаваў пад кіраваннем нямецкай ваеннай адміністрацыі на тэрыторыі Сербіі, якая не была анексавана краінамі-саюзніцамі Германіі і Італіі. У адрозненне ад іншых марыянетачных рэжымаў, не меў дыпламатычнага прызнання іншымі краінамі Восі. Урад скончыў сваё існаванне пасля штурму Белграда.
Нарвежскі нацыянальны ўрад (1942—1945) — нарвежскі нацыянал-сацыялістычны дзеяч Відкун Квіслінг узначаліў путч супраць ураду Нарвегіі падчас нямецкага ўварвання 9 красавіка 1940 года, але ўладу ў нямецкай адміністрацыі не атрымаў. Акупацыя Нарвегіі распачалася з утварэння Рэйхскамісарыята Нарвегія на чале з рэйхскамісарам Ёзэфам Тэрбовенам. Квіслінг атрымаў магчымасць узначаліць Нарвегію ў 1942 годзе.
Італьянская Сацыяльная Рэспубліка, або Рэспубліка Сало (1943—1945) — пасля высадкі амерыкана-брытанскіх сіл у Паўднёвай Італіі, кароль Віктар Эмануіл III і генерал П'етра Бадолья зверглі фашысцкае кіраўніцтва Беніта Мусаліні, перамясціўшы кіраўніцтва дзяржавай на поўдзень краіны. У адказ на гэта, немцы акупавалі Паўночную частку Італіі і заснавалі марыянетачную дзяржаву, кіраўніком якой прызначылі вызваленага з палону Беніта Мусаліні.